«Машы трэба ратаваць сваё жыццё». Сястра Калеснікавай адрэагавала на ўчарашнія словы Лукашэнкі

Учора ў інтэрв'ю журналісту Бі-бі-сі Стывену Розэнбергу Аляксандр Лукашэнка адказаў на ягоныя пытанні адносна палітзняволенай Марыі Калеснікавай і перспектывы яе памілавання ім. Пры гэтым насуперак рэальным фактам палітык заявіў, што, маўляў, лёс Марыі нецікавы яе сям'і. Сёння на гэтыя выказванні адрэагавала ў сацсетках сястра Калеснікавай Таццяна Хоміч.

24.10.2024 / 22:41

«Наша сям'я вітае гатоўнасць Лукашэнкі, агучаную ў яго ўчорашняй заяве, разгледзець пытанне аб памілаванні Марыі. Мы вельмі чакаем яе на волі.

Аднак сувязі са сваякамі і адвакатам (так, і адваката як такога няма) дагэтуль няма. Адзінае спатканне з татам было яшчэ ў снежні 2022 года адразу пасля яе аперацыі і доўжылася ўсяго 10 хвілін у медчастцы калоніі.

Машы трэба ратаваць сваё жыццё, ёй неабходна выйсці на волю і паправіць здароўе. Я ўпэўненая, што Марыя можа разглядаць розныя варыянты, але ва ўладаў ёсць доступ і магчымасці, каб даведацца пра гэта.

Важна аднавіць сувязь з сям'ёй, каб яна разумела, што адбываецца», — напісала Таццяна Хоміч.

Нагадаем, што Лукашэнка, адказваючы на пытанні Стывена Розэнберга, заявіў, што нібыта гатовы разгледзець зварот Калеснікавай аб памілаванні, калі ён будзе, але, маўляў, «я катэгарычна супраць, што вы пачынаеце асобы вылучаць. Калі там сядзіць мільён, дык там усе людзі аднолькавыя».

Што да сям'і Калеснікавай, то ён заявіў: «Там, магчыма, такая сям'я, што ім, можа, і нецікава, як вам, наведаць Марыю Калеснікаву. Вы дбаеце пра яе больш, чым родныя і блізкія».

Гэтае сцвярджэнне — галаслоўнае, паколькі ўвесь час, пакуль Марыя знаходзіцца за кратамі, яе бацька і сястра пастаянна дабіваюцца інфармацыі пра яе, хоць ужо больш за паўтара года грукаюцца ў зачыненыя дзверы.

Лукашэнка заявіў, што сям‘я можа бачыцца з Калеснікавай і што яна нічым не адрозніваецца ад «мільёна» іншых палітвязняў

Пазняк пра Калеснікаву: Няма адказу на пытанне, навошта з яе ўпарта раскручваюць рэвалюцыянера і лідара

Спробы наведаць Марыю Калеснікаву ў Гомелі не прыносяць поспеху

Nashaniva.com