Пуцін не стаў адмаўляць перакіданне войскаў КНДР у Расію

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ухіліўся ад прамога адказу на пытанне, ці праўда, што салдаты з КНДР рыхтуюцца ваяваць на баку Расіі супраць Украіны, піша The Moscow Times.

24.10.2024 / 20:21

Уладзімір Пуцін. Скрыншот з відэа

Журналіст NBC News паказаў Пуціну здымкі, якія сведчаць пра перакіданне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў на тэрыторыю Расіі, спытаў, што гэтыя людзі там робяць і ці не будзе гэта яшчэ большай эскалацыяй.

«Здымкі — рэч сур'ёзная. Калі ёсць здымкі, значыць, яны нешта адлюстроўваюць», — заявіў Пуцін.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што супрацоўніцтва Расіі і КНДР — унутраная справа дзвюх краін.

«Сёння ратыфікаваны наш дагавор [аб усёахопным стратэгічным партнёрстве]. Там ёсць артыкул 4 [аб ваеннай дапамозе ў выпадку нападу на адну з краін], і мы ніколі анітрохі не сумняваліся, што паўночнакарэйскае кіраўніцтва ставіцца да нашых дамоўленасцяў сур'ёзна. Але што і як мы будзем рабіць — гэта ўжо наша справа ў рамках гэтага артыкула», — адзначыў Пуцін.

Раней у Нацыянальнай разведвальнай службе Паўднёвай Карэі паведамілі, што КНДР ужо перакінула першую групу вайскоўцаў ва Уладзівасток для праходжання падрыхтоўкі, а агулам Пхеньян мае намер даць Пуціну чатыры брыгады агульнай колькасцю 12 тысяч чалавек для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

Акрамя гэтага, на фронт могуць адправіцца падраздзяленне спецыяльнага прызначэння, а таксама лётчыкі, якія будуць кіраваць расійскімі Су-25 і МіГ-29.

ЗША таксама пацвердзілі прысутнасць паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Расіі ў колькасці 3 тыс. чалавек.

«Здавайцеся ў палон! Вас чакае трохразовае гарачае харчаванне». Украінцы апублікавалі зварот да салдат КНДР

Паўднёвая Карэя паабяцала адказ на ўцягванне КНДР у вайну ва Украіне

Украіна апублікавала ВІДЭА з дзясяткамі салдат КНДР, якія атрымліваюць расійскую форму

ГУР Украіны: У лістападзе на вайне акажуцца 11 000 салдат з КНДР

КНДР сцвярджае, што 1,4 млн чалавек падалі заяўкі на ўступленне ў армію

Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект аб усеагульным стратэгічным партнёрстве з КНДР

Nashaniva.com