Лукашэнка заявіў, што сям‘я можа бачыцца з Калеснікавай і што яна нічым не адрозніваецца ад «мільёна» іншых палітвязняў

Лукашэнка падчас саміту БРІКС у Казані даў інтэрв'ю журналісту Бі-бі-сі Стывену Розэнбергу, у якім сярод іншага адказаў на зададзенае яму пытанне пра магчымае памілаванне для Марыі Калеснікавай.

23.10.2024 / 19:44

Пытанне для Лукашэнкі надта складаным не было, бо ён спрактыкавана ўзяўся за тое, што дзесяцігоддзямі звычайна робіць у падобных выпадках — размываць прыватнае ў агульным. 

«У нас ёсць закон: чалавек усвядоміў сваю віну, ён звярнуўся да прэзідэнта (як і ў многіх іншых краінах) з просьбай аб памілаванні — ну што ж, мы разгледзім. Калі будзе такі зварот Калеснікавай, я абавязкова разгледжу», — сказаў Лукашэнка.

Пасля таго ён перайшоў у контратаку, папракнуўшы журналіста ў тым, што ён, маўляў, заклапочаны лёсам толькі Калеснікавай, не бачачы за ёй іншых палітвязняў, якіх «мільён у турмах»:

«Я катэгарычна супраць, што вы пачынаеце асобы вылучаць. Калі там сядзіць мільён, дык там усе людзі аднолькавыя. А Калеснікава і іншыя павінны адказаць перад гэтымі людзьмі, чаму яны там апынуліся. Яны шмат хто і кажуць: «Мы ачумелі, адурэлі, нас падманулі». Таму мы іх разглядаем у цэлым».

Розэнберг звярнуў увагу, што адносна Калеснікавай дзейнічае рэжым інкамунікада, калі з ёй не маюць сувязі нават члены ўласнай сям'і, на што Лукашэнка насуперак рэальным фактам заявіў, што сям'і Калеснікавай яе лёс нібыта абыякавы: 

«Якой сям'і? А дзе яе сям'я, вы хоць ведаеце? Вы нават не ведаеце, што за сям'я. Папрасіў бацька яе наведаць. Калі ласка, ідзі. Ён быў. Гэта сям'я? Хтосьці яшчэ хоча з родных, блізкіх наведаць яе, будзе просьба — мы яе разгледзім. Там, магчыма, такая сям'я, што ім, можа, і нецікава, як вам, наведаць Марыю Калеснікаву. Вы дбаеце пра яе больш, чым родныя і блізкія».

Пасля гэтага ён зрабіў нечаканую прапанову:

«Таму калі нават вы звернецеся, мы вашу заяву разгледзім».

Але, відаць, зразумеўшы, што за гэтую фразу вядомы сваёй хваткай журналіст можа ўхапіцца, адразу ўдакладніў:

«Я кажу: разгледзім. «Так», «не» — гэта будзе відаць потым».

{POLL#1250}

Тым не менш, Лукашэнка зноў намякнуў, што будзе працягваць практыку памілаванняў некаторых палітвязняў:

«Калі чалавек выправіўся, не парушае закон у калоніі выпраўленчай, калі нейкія паказанні па здароўі, мы абавязкова гэтых людзей, хутчэй за ўсё, памілуем. Ёсць камісія, яна разгледзіць і прыме рашэнне».

Пазняк пра Калеснікаву: Няма адказу на пытанне, навошта з яе ўпарта раскручваюць рэвалюцыянера і лідара

Спробы наведаць Марыю Калеснікаву ў Гомелі не прыносяць поспеху

Пазняк: Калеснікава — штучна раздзьмутая асоба, якая адзначылася інфантыльнымі паводзінамі і недалёкімі казаннямі

У Вільні пакажуць спектакль пра Марыю Калеснікаву і беларускіх палітвязняў

Што прапанаваць Лукашэнку за палітвязняў? Спрэчка Стрыжака з Хоміч

Пазняк: Калеснікава — поўнае палітычнае нішто

Nashaniva.com