Што вядома пра сітуацыю са Streamline?

Звязацца з моўнай школай Streamline не атрымліваецца ні па тэлефоне, ні праз месенджары. На сайце вісіць паведамленне, што па тэхнічных прычынах пакуль не кансультуюць. Кліенты ў сацсетках пачынаюць панікаваць. «Наша Ніва» даведвалася, што адбываецца.

23.10.2024 / 09:13

Скрыншот відэа ў інстаграм Streamline

Учора Альянс расследавальнікаў Беларусі паведаміў, што кампанія Навучальны цэнтр «Адукацыйныя тэхналогіі» падала на ліквідацыю. Па іх інфармацыі, два тыдні таму ДФР Джяржкантролю ладзіў праверку ў навучальным цэнтры, які ў краіне вядомы пад брэндам Streamline. 

Супрацоўнікам Streamline прыйшлося падпісаць паперы аб неразгалошванні. Як стала вядома «Нашай Ніве», яны самі былі ў шоку, калі пабачылі навіну, што кампанія падала на ліквідацыю.

Знаёмы з сітуацыяй кажа «Нашай Ніве», што пасля прыходу ДФР усе былі напалоханыя (асабліва калі не атрымалі ў звычайны дзень заробкі, бо рахункі кампаніі заблакаваны), але верылі, што кіраўніцтва змагло неяк дамовіцца і з цягам часу сітуацыя нармалізуецца.

Такое паведамленне цяпер на сайце str.by

У каментарыях у акаўнце Streamline у інстаграме пачалі з’яўляцца напалоханыя кліенты, якія хвалююцца за заплачаныя грошы і не разумеюць, як іх вярнуць. Людзі пішуць, што некаторыя філіялы моўнай школы зачыніліся, а звязацца з афіцыйнымі прадстаўнікамі Streamline не атрымліваецца.

Тым вучням, у каго ўчора былі заняткі, паведамілі, што гэта — апошні занятак, бо з чацвярга ў Streamline адклікаюць ліцэнзію.

Новых слухачоў на курсы не набіраюць.

Streamline Language School — найбуйнейшая школа замежных моў у Беларусі, заснаваная ў 1998 годзе, курсы ў якой прайшлі больш за 100 000 чалавек.

Наколькі вядома, дырэктар Streamline Language School Эдуард Цалюк не затрыманы і знаходзіцца ў бяспецы.

Дарэчы, Streamline — не адзіная моўная школа, у якую наведваліся сілавікі цягам года. У ДФР узнікалі пытанні да розных навучальных цэнтраў. Кажуць, цікавасць сілавікоў выклікаюць у першую чаргу тыя моўныя школы, дзе вывучаюць нямецкую мову.

— Я мяркую, што такім чынам спрабуюць перашкаджаць беларусам (асабліва медыкам, якія цяпер сапраўды актыўна вывучаюць замежныя мовы і ў прыватнасці польскую з нямецкай) з’язджаць за мяжу. З англійскай змагацца асабліва сэнсу няма. Бо куды чалавек паедзе з адной англійскай? У ЗША ці Вялікабрытанію? Дык атрымай ты туды яшчэ візу. А вось Польшча ці Германія — даволі рэальны варыянт, — разважае суразмоўца «Нашай Нівы».

Курсы Streamline падалі на ліквідацыю

«Яны патрабуюць спісы ўсіх кліентаў». Дырэктар польскіх курсаў, куды тыдзень таму прыйшлі сілавікі, расказаў пра складаны маральны выбар

ГУБАЗіК наведаў школу польскай мовы. Падобна, што затрыманы яе дырэктар Вадзім Свістуноў

Школа польскай мовы PanProfesor спыніла працу пасля візіту сілавікоў

Nashaniva.com