«Хто тут не быў, хай закрые рот». Польскі акцёр далучыўся да ўсхвалення лукашэнкаўскай Беларусі

Польскі акцёр Яраслаў Якімовіч, вядомы па вострасюжэтным фільме «Маладыя ваўкі», прыехаў у Беларусь і выклаў на ютубе і ў сацсетках шэраг кампліментарных відэа і пастоў пра гэту паездку, піша Most. Відавочны пасыл яго ролікаў у тым, каб разбурыць негатыўнае ўяўленне пра рэжым Лукашэнкі.

22.10.2024 / 16:41

Адно з відэа Якімовіч здымае ў гандлёвым цэнтры «Карона». Ён прапануе сваёй аўдыторыі зірнуць, як выглядаюць паліцы беларускіх крамаў, і абвяргае нібыта распаўсюджанае меркаванне, што ў Беларусі няма тавараў і бедна.

Іншы ролік зняты ў «Еўраопце», дзе акцёр зняпраўджвае сцвярджэнне, што ў Беларусі няма замежных брэндаў. Ён паказвае паліцы з бытавой хіміяй і касметыкай, напоямі і іншымі таварамі.

Большую частку ролікаў Якімовіч суправаджае саркастычным згадваннем рэжыму Лукашэнкі — гэта падаецца ў тым ключы, што беларускі рэжым часта дэманізуюць, а насамрэч людзям у Беларусі жывецца добра.

Напрыклад, ролік з Гродна, дзе паказаныя вулічныя музыканты і гараджане, якія гуляюць па Савецкай плошчы, акцёр суправадзіў назвай «тэрор на вуліцах Гродна. Рэжым бачны няўзброеным вокам. Кожны, хто тут не быў, хай закрые рот». Назва перабіваецца гарэзлівымі смайлікамі.

Наведаў Якімовіч і стрэльбішча — мяркуючы па лакацыі, названай у фэйсбуку, яно размяшчаецца ў Мінску. Там ён пастраляў па мішэнях. І пракаментаваў свой занятак у звыклым іранічным стылі: «Смутак і нуда апаноўваюць людзей у гэтай Беларусі. Рэжым Лукашэнкі жудасны, як вы можаце бачыць. Калі ласка, закрыйце раты тыя, хто ніколі тут не быў».

Фота з фэйсбуку Яраслава Якімовіча

«Хай ніхто і ніколі больш не распавядае мне трызненняў пра Беларусь», — напісаў ён у іншым пасце, дзе паказана, як мінчукі адпачываюць у рэстаране.

У каментарах многія пагадзіліся з Якімовічам у ацэнках, але многія і наважыліся з ім паспрачацца. Напрыклад, яму звярталі ўвагу, што меркаваць пра дабрабыт нацыі трэба не па асартыменце на паліцах, а па тым, колькі можна дазволіць сабе на шараговую зарплату.

«Чаму ж яны бягуць з гэтай цудоўнай Беларусі ў халодны, цёмны польскі лес?» — напісаў у каментарах на фэйсбуку адзін з карыстальнікаў.

Адрэагавала на пасты Якімовіча і польскае выданне Niezalezna. «Ці маральна пазіраваць са зброяй у краіне, якая змагаецца з Польшчай?» — задаецца пытаннем выданне. І адказвае: «Вельмі сумнеўна».

Пасля Лукашэнкі. Ці здадуць незалежнасць Беларусі магчымыя пераемнікі дыктатара?

«Мусім фармаваць пазітыўны вобраз Беларусі, а не толькі «дапамажыце, палітвязні, рэпрэсіі». Дырэктар «Белсата» Дзікавіцкі аб пераменах

«Благодарим… Впечатляет… Приятно…» Як мазырскія рабочыя рэагуюць на губернатара паводле ідэолагаў

Улады Гродна хваляцца, што да іх прыехала «дэлегацыя Падляшскага ваяводства». Насамрэч гэта маргіналы

Nashaniva.com