Дэпутат расказаў чыноўнікам у Асіповічах, чым старажытная магія адрозніваецца ад сучаснай

І знайшоў нечаканае тлумачэнне заходнім санкцыям супраць Беларусі.

21.10.2024 / 18:44

Фото: osipovichi-region.by

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Дзячэнка зладзіў нечаканую лекцыю для чыноўнікаў у Асіповічах.

Ён сабраў пашыранае пасяджэнне камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях пры райвыканкаме і расказаў пра тое, што такое рэлігія і як яна з'явілася.

Яшчэ адной тэмай раптам стала магія: Дзячэнка вырашыў растлумачыць прысутным, «чым адрозніваецца старажытная магія ад тых абрадаў, якія папулярныя сёння».

А яшчэ дэпутат патлумачыў чыноўнікам, якіх людзей можна лічыць вернікамі, а якіх — не. На жаль, яго метадалогію выяўлення «правільных вернікаў» выканкам не прывёў. Дарэчы, лекцыю Дзячэнка прачытаў у рамках сваёй працы ў акрузе — мяркуючы па ўсім, адной са сваіх задач ён лічыць «рэлігійную асвету». 

Праз некалькі дзён Дзячэнка звярнуўся ўжо да больш шырокай аўдыторыі — чытачоў сайта «Могилевских ведомостей». Гэтым разам ён знайшоў незвычайнае тлумачэнне заходнім санкцыям, уведзеным за гвалт супраць пратэстоўцаў, палітычныя рэпрэсіі і падтрымку Расіі ў агрэсіўнай вайне.

Але на думку Дзячэнкі, санкцыі ўвялі таму, што беларусы — веруючыя хрысціяне.

«Прыхільнасць беларусаў да традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў з'яўляецца адной з духоўных прычын прымянення несправядлівых і неабгрунтаваных санкцый супраць беларускай эканомікі.

Звярніце ўвагу — на прадпрыемствах працуюць у асноўным веруючыя людзі. Большасць з іх хрысціяне: праваслаўныя, каталікі, пратэстанты. Такім чынам, эканамічныя санкцыі ў дачыненні да прадпрыемстваў з'яўляюцца пераследамі вернікаў і іх сем'яў, развязанымі ў XXI стагоддзі бязбожнымі і бессаромнымі трансатлантычнымі палітыкамі», — мяркуе Дзячэнка.

Па словах дэпутата, заходнім палітычным элітам не падабаецца, што беларусы вызнаюць хрысціянства, бо «амерыкана-еўрапейскі істэблішмент даўно духоўна дэградаваў і забыўся пра хрысціянскія ідэалы». Не прапусціў Дзячэнка і магчымасці распаўсюдзіць даўно аспрэчаныя фэйкі пра тое, што на Захадзе ў хрысціянскіх сем'яў адбіраюць дзяцей і аддаюць іх аднаполым парам.

Чаму наогул Дзячэнка вырашыў паразважаў пра рэлігію? З гэтай тэмай звязана ягоя навуковая кар'ера. Будучы дэпутат у свой час скончыў гістфак Магілёўскага дзяржуніверсітэта і аспірантуру Інстытута філасофіі і права НАН, абараніў кандыдацкую па філасофіі на тэму «Рух пяцідзясятнікаў у Беларусі». Доўгі час ён выкладаў у роднай ВНУ, а таксама займаўся вывучэннем рэлігійных арганізацый у Беларусі і секталогіяй.

Марзалюк пахваліўся, як ударыў апанента за абразу Лукашэнкі: «Ён метра паўтара ці два ляцеў!»

Магілёўскі «сенатар» запатрабаваў пускаць у арганізацыі толькі правераных святароў

«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар

Nashaniva.com