Качка, сіроп, бліны — рэцэпты страў з журавінамі
Журавіны вядомыя як аснова для стварэння сокаў і морсаў, але таксама іх можна выкарыстоўваць у стравах — як у салодкіх, так і ў салёных.
20.10.2024 / 10:36
Фота: whiskware.com
Сіроп з журавінаў
Спатрэбіцца:
- 250 г свежых журавін
- 2 шклянкі (500 мл) вады
- прыкладна ½ шклянкі (80-100 г) цукру (лепш — карычневага) або мёду (дадавайце мёд у астылы сіроп, каб мёд не страціў сваіх уласцівасцяў)
- 3 сталовыя лыжкі лімоннага соку
Як рабіць:
- Старанна прамыйце журавіны і пакладзіце ў каструлю.
- Затым заліце ягады вадой, дадайце цукар і лімонны сок, давядзіце да кіпення і варыце накрытымі каля 7-10 хвілін, пакуль журавіны не разварацца.
- Нарэшце працадзіце ўсё скрозь сіта і пераліце ў стэрылізаваную бутэльку/слоік.
- Гатовы сіроп захоўвайце ў халадзільніку. Яго лепш выкарыстаць на працягу тыдня, але можна і пастэрызаваць.
Адзін з варыянтаў, як дадаваць у гарбату:
250 мл свежазаваранай чорнай гарбаты, 2-3 сталовыя лыжкі журавінавага сіропу, 1 палачка карыцы, 1 зорачка анісу. І атрымлівайце асалоду!
Качыныя ножкі ў журавінным соусе
Мяса качкі можа быць цвердаватым, але калі яго папярэдне замарынаваць, то качка становіцца мяккай і смачнай. Пастаўце мяса марынавацца з раніцы — і ўвечары можаце гатаваць на вячэру.
Спатрэбіцца:
- 4 качыныя ножкі
- 100 мл алею
- 200 мл сухога белага віна
- чабор (некалькі галінак)
- лаўровае лісце (2-3)
- перац, размарын, гваздзік
Соус:
- 1/2 кг яблыкаў
- 1 шклянка журавін (свежых ці замарожаных)
- 200 мл вады
- 2 сталовыя лыжкі лімоннага соку
- соль, перац
Як гатаваць:
- Змяшайце алей, віно і спецыі. Качыныя ножкі вымыйце, абсушыце і натрыце аліўкавым марынадам. Не саліце.
- Адпраўце ножкі ў халадзільнік марынавацца на 8-10 гадзін. Прамарынавае качынае мяса пасаліце, пакладзіце ў пакет для запякання, заліце марынадам і запякайце ў духоўцы гадзіну-паўтары пры тэмпературы 180 градусаў. Адкрыйце пакет і выдаліце тлушч і марынад.
- Запякайце качку яшчэ некалькі хвілін, пакуль не ўтворыцца апетытная залацістая скарынка. Пакуль качка запякаецца, прыгатуйце соус.
- З яблыкаў выражце сярэдзіну і нарэжце іх кавалачкамі. Пакладзіце яблыкі і журавіны ў рондаль, заліце вадой, дадайце соль, перац і лімонны сок.
- Давядзіце да кіпення, паменшыце агонь і варыце, пакуль яблыкі і журавіны не стануць мяккія (каля 20 хвілін). Сумесь здрабніце блэндарам да аднастайнасці.
- Падавайце качку з падліўкай. Упрыгожце зелянінай. Гэтае мяса добра спалучаецца з гароднінай або рысам.
Бліны з журавінамі і крэмам маскарпонэ
На бліны:
- 1 шклянка пшанічнай мукі
- 1 шклянка малака
- 3/4 шклянкі вады (напрыклад, газаванай)
- 2 вялікія яйкі
- дробка солі
- 3 сталовыя лыжкі алею або топленага масла
У міску насыпце муку, дадайце малако і ваду (газаваную ці звычайную) і перамяшайце венчыкам або міксерам (нядоўга) да атрымання аднастайнага цеста без камякоў.
Дадайце яйкі, соль і алей або топленае масла і яшчэ раз нядоўга перамяшайце венчыкам — да аднароднай масы.
Разагрэйце патэльню і з дапамогай апалоніка выліце на яе невялікую порцыю цеста. Паварочваючы патэльню, размяркуйце яго па ўсёй паверхні патэльні.
Калі ніжняя частка бліна падпячэцца і добра застыне, перавярніце яго лапаткай і абсмажвайце з іншага боку.
На журавіны:
- 1 шклянка журавін (свежых або замарожаных) 100 г
- 2 сталовыя лыжкі трысняговага цукру
- 4 сталовыя лыжкі журавінавага або малінавага соку
У невялікую каструлю з вадой высыпце прамытыя журавіны, дадайце цукар, накрыйце і давядзіце да кіпення. Варыце на павольным агні каля 2 хвілін, пакуль большая частка журавін не трэсне.
Дадайце сок і варыце яшчэ 1—2 хвіліны. Прыміце з агню, пры неабходнасці дадайце больш цукру.
На крэм з маскарпонэ:
- 3 яечныя жаўткі
- 5 сталовых лыжак цукровай пудры
- 200 г сыру маскарпонэ
- 200 мл вяршкоў 30%
- 1 сталовая лыжка лімоннага соку
Як усё аб’яднаць:
Падсмажце бліны і зварыце журавіны. Прыгатуйце крэм: жаўткі ўзбіце з цукровай пудрай дабяла, дадайце сыр маскарпонэ і ўсё перамяшайце. Нарэшце, дадайце ўзбітыя густыя вяршкі і лімонны сок і акуратна перамяшайце ўсё лыжкай. Крэм захоўваеце ў халадзільніку, пакуль не будзеце выкладваць яго на бліны.
На кожны блін намажце прыкладна 2-3 сталовыя лыжкі крэму і 1 сталовую лыжку журавіннага соусу, складзіце блінцы трохкутнікамі і падавайце.
Журавіны сапраўды дапамагаюць пры інфекцыях, але не ўсім
Журавіны ў цукры, грыльяж і згушчонка. Беларуска адшукала айчынныя прадукты на варшаўскім рынку
10 найлепшых натуральных антыбіётыкаў: што гэта за расліны і як яны дзейнічаюць?