Археолагі супраць пабудовы на месцы храма XII стагоддзя ў Полацку капліцы
Падмуркі Княжацкай царквы XII стагоддзя на Верхнім замку ў Полацку ў цяперашні час закансерваваныя і на іх нельга нічога будаваць без дазволу Міністэрства культуры, патлумачыў расійскаму выданню Sputnik старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАНБ Марат Клімаў.
18.10.2024 / 19:21
Фота: gorod214.by
Раней стала вядома, што на тэрыторыі кадэцкага вучылішча ў Полацку кіраўніцтва навучальнай установы плануе стварыць духоўны і асветніцкі цэнтр.
«У склад такога цэнтра будуць уваходзіць таксама музей Полацкага кадэцкага корпуса, капліца Арханёла Міхаіла, якая будзе пабудаваная на падмурку царквы XII стагоддзя. Тут будзе праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па патрыятычным выхаванні», — цытуе кіраўніка вучылішча Станіслава Красоўскага БелТА.
Па словах гісторыка Марата Клімава, які кіраваў археалагічнымі даследаваннямі на тэрыторыі Верхняга замка, любое будаўніцтва на месцы помніка гісторыі павінна атрымаць дазвол у Міністэрстве культуры.
«У Мінкульце пры атрыманні такога запыту павінны звярнуцца па экспертызу ў Інстытут гісторыі. Я магу адназначна сказаць, што будаўніцтва капліцы па—над падмуркам Княжацкай царквы XII стагоддзя не толькі антынавуковае, але і антызаконнае», — падкрэсліў Марат Клімаў.
Пры гэтым ён адзначыў, што перад будаўніцтвам Полацкага кадэцкага вучылішча на яго тэрыторыі прайшлі маштабныя раскопкі. У тым ліку былі адкрытыя падмуркі храма, пасля чаго была праведзена іх кансервацыя.
Клімаў звярнуў увагу, што гэта было зроблена для таго, каб вярнуцца да вывучэння помніка архітэктуры пазней.
«Такая праца патрабуе значных сродкаў і можа весціся на працягу некалькіх гадоў. Проста так узяць і пачаць на гэтым месцы будаўніцтва нельга па законе», — рэзюмаваў археолаг.
У якасці станоўчага прыкладу археолаг прывёў навуковыя даследаванні тэрыторыі вакол Спаса-Праабражэнскага храма Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.
Навукоўцы мяркуюць, што Княжацкая царква была пабудаваная ў 1170-я гады. Яна ўяўляла сабой аднагаловы шасціслуповы храм з трыма бабінцамі, у якім падкупальная прастора зрушаная на заходнія слупы.
У Полацку на падмурках храма XII стагоддзя пабудуюць капліцу
Унікальныя артэфакты зноў знайшлі на месцы былой загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў
Археолагі сцвярджаюць, што старажытны горад на Менцы ўзнік у канцы X стагоддзя
У раскопках на Менцы чарговая сенсацыя: знайшлі могілкі XI стагоддзя
Прылады з беларускага Паазер'я — найстаражытнейшыя ва Усходняй Еўропе сведчанні апрацоўкі воўны