«Навошта? Мы ж дарослыя людзі». Пуцін не паедзе ў Бразілію на саміт G20
Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з кіраўнікамі СМІ краін БРІКС заявіў, што ён не паедзе сёлета на саміт G20 у Бразіліі. Такое рашэнне ён патлумачыў тым, што, маўляў, не хоча «зрываць» працу форуму.
18.10.2024 / 18:58
Адказваючы на пытанне пра магчымасць паездкі ў Бразілію на фоне ордэра Міжнароднага крымінальнага суда на ягоны арышт, Пуцін сказаў, што «мы ж разумеем, што адбываецца вакол Расіі, і я разумею».
«Ну што ж, я спецыяльна туды прыеду, каб парушыць нармальную працу гэтага форуму? Мы ж выдатна разумеем, і я разумею, што нават калі выключыць гэты МКС, размова будзе толькі пра гэта. Мы фактычна сарвём працу «дваццаткі». Навошта? Мы ж дарослыя людзі», — сказаў Пуцін.
Ён паабяцаў вызначыць, хто на высокім узроўні будзе прадстаўляць Расію на саміце G20.
Ордэр на арышт Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай МКС выдаў у сакавіку 2023 года. Падставай для гэтага стала перамяшчэнне дзяцей з Украіны ў Расію.
Тым не менш, сёлета ў верасні Пуцін наведаў Манголію — краіну, якая ратыфікавала Рымскі статут МКС. Перад візітам ён атрымаў запэўніванні, што яго не арыштуюць, і так сапраўды сталася. У Манголіі тлумачылі гэта сваёй вялікай залежнасцю ад Расіі і Кітая, паміж якімі краіна заціснутая.
Пуцін ездзіў у Манголію да шаманаў пытацца дазволу на ядзерную зброю — Der Spiegel
«Мы знаходзімся ў энергетычнай залежнасці». Манголія растлумачыла, чаму не арыштавала Пуціна
У сталіцы Манголіі праходзяць пратэсты з-за візіту Пуціна
Пуціна ў Манголіі сустрэлі чырвонай дарожкай