Вялікі Егіпецкі музей у Гізе адкрыўся пасля 20 гадоў будаўніцтва

У музеі сабраная ўнікальная экспазіцыя.

18.10.2024 / 16:10

Экспазіцыя Вялікага Егіпецкага музея ў Гізе. Фота: Sayed Hassan/Getty Images

16 кастрычніка Вялікі Егіпецкі музей часткова адкрыў асноўныя галерэі для тэставага запуску, прымаючы да чатырох тысяч наведвальнікаў у дзень. Пра гэта паведамляе Associated Press.

Пробны запуск, паводле слоў памочніка міністра турызму і старажытнасцяў Егіпта па археалагічных пытаннях музея аль-Таеба Абаса, дапаможа падрыхтавацца да поўнага адкрыцця — напрыклад, вызначыць месцы, дзе ў музеі ўзнікаюць перапоўненыя зоны. Афіцыйная дата адкрыцця пакуль не абвешчаная.

Экспазіцыя Вялікага Егіпецкага музея ў Гізе. Фота: Mohamed Elshahed/Anadolu via Getty Images

Экспазіцыі ў 12 залах музея ахопліваюць грамадства, рэлігію і дзяржаўны лад Старажытнага Егіпта, дадаў аль-Таеб Абас. Усе залы падзеленыя па дынастыях і размешчаныя ў гістарычным парадку, і ў кожнай будзе прадстаўлена не менш за 15 тысяч артэфактаў. 

Экспазіцыя Вялікага Егіпецкага музея ў Гізе. Фота: Gehad Hamdy/picture alliance via Getty Images

Пакуль што наведвальнікам будуць адкрытыя толькі 10 залаў, астатнія дзве залы стануць даступнымі пасля афіцыйнага адкрыцця комплексу.

«Што тычыцца афіцыйнага адкрыцця, то цяперашняя сітуацыя ў свеце — неспрыяльная. Рашэнне будзе прымаць палітычнае кіраўніцтва краіны», — сказаў аль-Таеб Абас.

Вялікі Егіпецкі музей. Фота: Grand Egyptian Museum

Будаўніцтва Вялікага Егіпецкага музея побач з пірамідамі Гізы пачалося ў 2005 годзе і каштавала больш за адзін мільярд долараў. Адкрыццё музея планавалася на 2020 год, але неаднаразова адкладалася па розных прычынах, уключаючы пандэмію каранавіруса. З канца 2022 года некаторыя секцыі музея адкрытыя для абмежаваных экскурсій з мэтай адпрацоўкі вопыту і лагістыкі прыёму наведвальнікаў.

Уваход у Вялікі Егіпецкі музей. Фота: Grand Egyptian Museum

Вялікі Егіпецкі музей плануе прымаць не менш за 3 мільёны турыстаў штогод. Паводле задумы архітэктараў, паміж пірамідамі Гізы і культурным комплексам будзе створана пешаходная зона, каб наведвальнікі «маглі здзейсніць займальнае падарожжа ад старажытных пірамід да скарбаў фараонаў».

Цэны на ўваходныя білеты для турыстаў пачынаюцца ад 1 200 егіпецкіх фунтаў (каля 23 еўра). 

На самай вяршыні піраміды Хеопса ў Егіпце заўважылі сабаку

Навукоўцы раскрылі адну з галоўных таямніц егіпецкіх пірамід

Старажытнасці з разрабаваных музеяў Судана прадаюцца за бесцань на аўкцыёнах

Nashaniva.com