Выйшла анталогія беларускай паэзіі ў італьянскіх перакладах
З’явілася кніга Il mondo è finito e noi invece no: Antologia di poesia bielorussa del XXI secolo («Свет скончыўся, а мы не: анталогія беларускай паэзіі 21 стагоддзя»), якая ўключае пераклады на італьянскую мову беларускай паэзіі апошніх дзесяцігоддзяў, піша bellit.info. Першая прэзентацыя пройдзе на берлінскай «Прадмове».
16.10.2024 / 19:47
Анталогія раскрывае перад італьянскімі чытачамі разнастайны і амаль зусім невядомы ў Італіі свет сучаснай беларускай паэзіі: сорак аўтараў, больш за сотню вершаў, якія ахопліваюць перыяд з 2000 па 2024 гады.
Такім чынам, анталогія з’яўляецца першым і на сённяшні дзень найбольш поўным аглядам сучаснай беларускай паэзіі, прадстаўленай вельмі рознымі па стылі, тэматыцы і нават па мове і алфавіце творамі: тут ёсць вершы на беларускай і расейскай мовах, а таксама два тэксты на ідыш і тры на ўкраінскай.
Вершы ўяўляюцца траекторыямі, што перасякаюцца між сабой, працінаюць пакаленні і асабістыя гісторыі, і зліваюцца ў адным трагічным і ўзнёслым хоры, які — і моўчкі, і на поўны голас — паўтарае: «Свет скончыўся, а мы не».
Ілюстрацыя на вокладцы анталогіі ад мастачкі Святланы Дземідовіч. Прадмову напісала літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына.
Арганізатарам прэзентацыі анталогіі перакладаў на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» выступіць паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў.
Удзельнікамі мерапрыемства будуць перакладчыкі і аўтары Алясандра Акілі, Джулія Дэ Флорыа, Мая Галаванава, Дзмітрый Строцаў, Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Зміцер Вішнёў, Андрэй Хадановіч.
Час і месца: 19 кастрычніка, субота, пляцоўка А, 15.30—16.30 (больш падрабязная інфармацыя па спасылцы).
Лонданскі юрыст напісаў кнігу пра сваё дзяцінства і маладосць у Мінску
Выйшла кніга пра звычаі і павер’і беларусаў
Скандальная беларуская аўтарка напісала кнігу, у якую можна на некалькі дзён схавацца ад рэчаіснасці