Сем фактаў пра Макса Каржа, якому пагражае ГУБАЗіК
Сёння ГУБАЗіК апублікаваў пагрозы аднаму з самых папулярных беларускіх артыстаў. У Макса Каржа вялікая аўдыторыя — толькі на яго інстаграм падпісана 2,5 мільёна чалавек. Сабралі асноўныя факты яго біяграфіі.
15.10.2024 / 21:12
Пачынаў як беларускамоўны рэпер
35-гадовы Макс Корж родам з Лунінца. У 16 ён з сябрамі стварыў музычны гурт LunClan, які праіснаваў нядоўга.
Максім запісваў песні на беларускай мове. Аўтары сайта rap.by прызнавалі, што беларускамоўны рэп Каржа гучыць цудоўна.
Макс Корж у складзе калектыва LunClan выступае на хіп-хоп фестывалі ў Слуцку, жнівень 2007. Фота: kurjer.info
Напісаў нефармальны гімн Лунінца
Макс Корж на світанку кар'еры прысвяціў роднаму гораду песню «Тата Лунінец». Тое, як пяшчотна спявак ставіцца да горада, дзе ён нарадзіўся і вырас, адчуваецца ў кожным радку.
«Прывітанне, тата Лунінец!
Напэўна, ты мяне чакаў!
Сустракай мяне, Чырвоная вуліца!
Мы вернемся сюды, перабудуем усё,
Як мы жадаем: плошчу Леніна ў плошчу Каліноўскага,
Вуліцу Савецкую ў вуліцу Скарыны,
Сквер Гусоўскага ў парк Ластоўскага.
Мы не зменім горад: ён нам падабаецца,
Мы зменім жыхароў, іх погляды і думкі».
Заняў грошы ў бацькоў, запісаў песню — і сышоў у армію
У сталіцы Макс Корж апынуўся, калі паступіў у БДУ. Ён павінен быў стаць перакладчыкам. У адным з інтэрв’ю спявак казаў, што ніколі не бачыў сябе ў гэтай прафесіі, а ва ўніверсітэт паступаў, толькі каб даказаць бацькам, што можа гэта зрабіць.
Вучыць шэсць моў будучай зорцы не вельмі хацелася — яму больш падабалася чытаць рэп недзе ў сталічных пераходах. Экзамены ён неяк здаваў, толькі дзякуючы таму, што мог забалбатаць выкладчыц падчас іспыту. Але ўсё роўна вучоба хутка скончылася.
Хлопец пазычыў у бацькоў не вельмі вялікую суму, запісаў песню «Небо поможет нам», загрузіў яе ва «Укантакце» і пайшоў у армію. Пра тое, наколькі шалёна папулярным стаў хіт, даведаўся калі ўжо адслужыў.
Першым з беларусаў сабраў «Мінск-Арэну» на ўласны сольнік
У 2013 годзе слухачы раскупілі ўсе 13 тысяч квіткоў на канцэрт Макса Каржа на «Мінск-Арэне». І гэта ўлічваючы той факт, што за некалькі месяцаў перад гэтым артыст сабраў поўны «Палац спорту».
Макс Корж стаў першым беларускім спеваком, у якога атрымалася лёгка сабраць самую вялікую пляцоўку краіны на свой сольны выступ. У захапленні ад Каржа тады было кіраўніцтва АНТ: канал трансляваў канцэрт на тэлебачанні і ў інтэрнэце, а пасля хваліўся тым, што раней не бачыў такіх рэйтынгаў.
У 2019 годзе Макс Корж пабіў свой беларускі рэкорд і сабраў стадыён «Дынама» — а гэта ўжо 35 тысяч чалавек.
Канцэрт Макса Каржа на стадыёне «Дынама»
Ганарыцца тым, што просты пацан
Макс Корж ніколі не саромеўся сваёй малой Радзімы. Ён з гонарам расказваў у інстаграме, як паехаў з сябрамі ганяць на матацыклах на Лунінеччыну, а потым наведваў сваю бабулю.
На канцэрт на «Дынама» Корж прыйшоў у байцы футбольнага клуба «Лунінец», які ўжо 20 гадоў як не існуе.
У 2023 годзе паказаў у сацыяльных сетках хатку, якую ён пабудаваў з блізкімі яму людзьмі ў беларускім лесе. Невялікі дом з ацыліндраванага бруса не загрувашчаны нічым лішнім: стаіць печ, драўляны стол і некалькі простых ложкаў.
Стаяў пад Акрэсціна, прыйшоў на развітанне з Тарайкоўскім
11 жніўня, Макс Корж звярнуўся да беларусаў у інстаграме і папрасіў спыніць пратэсты, якія могуць прывесці да крывавых наступстваў. Аднак потым адрэдагаваў свой допіс. Гэты факт яму згадваюць і сёння.
Макс Корж прыходзіў на Пушкінскую, каб ушанаваць памяць Аляксандра Тарайкоўскага — дэманстранта, забітага сілавікамі ў першыя дні пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў. У жніўні артыст разам з іншымі неабыякавымі беларусамі стаяў ля Акрэсціна.
Восенню 2020 года Макс Корж зняў у Мінску кліп на песню «Её виной». Здымкі праходзілі ў тым ліку і ў мінскай Грушаўцы. Зняцца ў роліку папулярнага выканаўцы змаглі сотні мінчукоў: Корж праз сацыяльныя сеткі запрасіў узяць удзел усіх ахвотных. У кліпе можна ўбачыць і іншыя вуліцы Мінска з сілавікамі ў поўным абмундзіраванні, спецтэхніку.
Кадр з кліпа «Её виной»
Адмовіўся ад канцэртаў у Расіі і заклікаў спыніць вайну
Сёлета ў Макса Каржа быў вялікі канцэрт у Таліне (сталіцы Эстоніі). Падчас выступлення аўтар хіта «Жить в кайф» звярнуўся да публікі з заклікам спыніць вайну, бо пакуль яна ідзе, жыць у кайф не атрымаецца.
«Можна жыць у кайф, але пакуль мы не спынім вайну, паўнавартасна жыць у кайф у нас не атрымаецца. Спыніце вайну. Ніхто, акрамя нас, яе не спыніць», — заявіў са сцэны артыст.
Пасля нападу Расіі на Украіну Макс Корж неаднаразова выказваўся супраць вайны, запісаў дзве антываенныя песні. Праз гэта ён фактычна адмовіўся ад магчымасці выступаць у Расіі — хоць там у яго вялізная колькасць фанатаў. У Беларусі яго таксама ўнеслі ў «чорны спіс».
Макс Корж: Беларусы не пойдуць на чужую зямлю
Макс Корж заклікаў людзей спыніць вайну
Сілавікі ў Мінску папрасілі Макса Каржа прайсці ў бус, праверылі тэлефон і адпусцілі