У падземным сховішчы «Хезбалы» на поўдні Лівана знайшлі расійскую зброю

Ізраільскія сухапутныя войскі выявілі падземную базу групоўкі «Хезбала» на поўдні Лівана. Аб'ект выкарыстоўваўся як камандны цэнтр элітнага падраздзялення «Радван» і служыў месцам захоўвання зброі і боепрыпасаў, у тым ліку расійскай вытворчасці, паведаміў журналіст Bild Паўль Ранцхаймер, які разам з вайскоўцамі Ізраіля пабываў на базе.

15.10.2024 / 18:43

Фота: Bild

Падчас візіту рэпарцёра суправаджаў контр-адмірал Даніэль Хагары, кіраўнік прэс-службы Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ). Хагары адзначыў, што ў вёсцы, дзе размяшчаецца падземны аб'ект, баевікі «Хезбалы» рыхтавалі маштабны напад на Ізраіль, які мог бы перасягнуць узровень атакі 7 кастрычніка 2023 года.

Падземны комплекс уключае ў сябе сістэму тунэляў, дзякуючы якім баевікі «Радвана» маглі аператыўна пранікнуць на тэрыторыю Ізраіля пешшу або на матацыклах. Па словах кіраўніка прэс-службы ЦАХАЛ, збудаванні былі пабудаваныя з куды большым майстэрствам, чым тунэлі, якія выкарыстоўваюцца ХАМАС у сектары Газа. На стварэнне гэтых умацаванняў, на яго думку, спатрэбіліся гады.

Фота: Bild

Бункеры знаходзяцца на глыбіні каля 8 метраў, яны забяспечаныя сталёвымі перагародкамі і дзвярыма, а ўваходы ў іх размешчаныя ў жылых дамах.

Ізраільскія вайскоўцы выявілі ў гэтых тунэлях вялікую колькасць узбраення: ракеты, мінамётныя снарады, аўтаматы Калашнікава, боепрыпасы, бронекамізэлькі і іншае абсталяванне.

Ронцхаймер адзначыў, што гэта самы сучасны падземны бункер з пункту гледжання якасці канструкцыі і памеру памяшканняў, які ён калі-небудзь бачыў. Журналіст таксама паведаміў, што за некалькі дзён да гэтага ў суседняй вёсцы ён бачыў ракеты, дастаўленыя ў Ліван з Ірана праз Сірыю.

«Іранская і расійская зброя», — падкрэсліў ён.

Ізраіль гатовы атакаваць вайсковыя аб'екты Ірана

Ізраіль заклікаў ААН тэрмінова прыбраць з Лівана сваіх міратворцаў «дзеля іх жа бяспекі». Там служаць і беларусы

Міністр абароны Ізраіля паабяцаў, што атака на Іран будзе «смяротнай, дакладнай і нечаканай»

Прэм'ер Ізраіля паведаміў пра забойства «пераемніка пераемніка» Хасана Насралы

«Масад» планаваў падрыў пэйджараў «Хезбалы» з 2015 года

Nashaniva.com