У Беларусі могуць увесці плату за дастаўку пенсій

Могуць змяніцца ўмовы па дастаўцы пенсій для «маладых» гарадскіх пенсіянераў, паведамляе БелТА.

15.10.2024 / 15:23

Па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Наталлі Паўлючэнкі, у праекце ўказа аб сацыяльнай падтрымцы ўтрымліваецца карэкціроўка асобных умоў па дастаўцы пенсій.

У Беларусі з 1 ліпеня 2024 года змяніўся парадак выплаты пенсій, дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, і дапамог па доглядзе за інвалідам першай групы альбо асобай старэйшай за 80 гадоў. Гэта датычыцца тых, хто жыве ў Мінску, абласных гарадах і раённых цэнтрах. Такія выплаты зараз, у асноўным, ажыццяўляюцца праз банкі.

Аднак на практыцы засталіся запыты з боку пенсіянераў, якія маладзейшыя за 70 гадоў, не з'яўляюцца інвалідамі першай або другой групы і пражываюць у гарадах. Такія пенсіянеры жадаюць, каб пенсіі ім налічвалі ў паштовыя аддзяленні альбо прыносіў дадому паштальён.

— Для гэтай катэгорыі «маладзейшых» пенсіянераў прапануецца ўвесці права на аплату за дастаўку пенсіі за кошт асабістых сродкаў па ўстаноўленых тарыфах, — пракаментавала міністр.

Аплата будзе невялікай, каля 6—8 рублёў.

Пенсіянеры, што працуюць, будуць атрымліваць поўную пенсію

Nashaniva.com