Астапеня ацаніў, колькі беларусаў падтрымлівае бел-чырвона-белы сцяг

Дырэктар «Беларускай ініцыятывы» ў Chatham House, якая праводзіць сацыялагічныя даследаванні, Рыгор Астапеня ў новым выпуску ТОКу расказаў, як беларусы ставяцца да афіцыйнага і нацыянальнага сцягоў.

15.10.2024 / 12:03

Рыгор Астапеня лічыць, што за 30 гадоў улады не змаглі прадаць сваю ідэю з афіцыйным сцягам грамадству.

«Яны не знайшлі нейкай ідэі. Яны яе шукалі, але іхняя ідэя шмат у чым тутэйшая сама па сабе. І ў тутэйшай ідэі могуць быць зразумелыя інтарэсы: каб у цябе раслі заробкі, каб у цябе не было вайны і гэтак далей. І Аляксандр Лукашэнка класна разумее гэту ідэю. Але ў тутэйшай ідэі няма пачуцця сцяга, герба», — разважае ён.

А цяпер яшчэ гэты сцяг асацыюецца не столькі з ідэнтычнасцю, колькі з палітычным рэжымам.

Істотны ўплыў на сітуацыю, на погляд Астапені, аказвае пазіцыя Лукашэнкі:

«Яны [чыноўнікі] разумеюць, што трэба штосьці пабудаваць, але каб нешта пабудаваць, трэба, каб гэта захацеў Лукашэнка. Каб ён узяў на сябе адказнасць за гэта. А яму гэта чужое. Гісторыя — гэта ўсе рэчы для яго досыць чужыя. Ёсць для яго наратывы пра вайну. Гэта ўсё блізка, зразумела. Але далей яму досыць цяжка».

Наколькі зменіцца стаўленне ў грамадстве да афіцыйных сімвалаў, на погляд Астапені, шмат у чым будзе залежаць ад таго, што будзе пасля Лукашэнкі: «Ці хтосьці зможа прыдумаць нейкую ідэю вакол гэтых сімвалаў пасля яго».

Астапеня мяркуе, што бел-чырвона-белы сцяг падтрымлівае каля чвэрці беларусаў. І гэта ён лічыць нармальным паказчыкам з улікам доўгай забароны нацыянальнай сімволікі.

Палітолаг не думае, што гэтая лічба можа быць большай. Тое, што ў час пратэстаў 2020 года на вуліцах гарадоў людзі масава былі з бел-чырвона-белымі сцягамі, ён не лічыць паказчыкам таго, што гэты сцяг атрымаў шырокае прызнанне. Адно з апытанняў, праведзенае напярэдадні выбараў у 2020 годзе, паказала, што нацыянальны сцяг падтрымлівае 23% гарадскога насельніцтва.

«Важна разумець, што гэтыя людзі, каторыя ў гэтым апытанні сказалі, што яны за бчб, яны і выходзілі на вуліцы. (…) У большасць я зусім не веру».

Як мяркуе Астапеня, большасць беларусаў не знаёмая з нацыянальнай версіяй праекта ідэнтычнасці:

«Яны не чулі шмат пра бчб, «Пагоню». Увесь гэты пласт для іх (беларуская мова таксама) наогул невядомы. Таму часта з'яўляюцца блогеры, якія кажуць: «Я ў Беларусі пражыў пару гадоў. У жыцці ніколі не чуў беларускай мовы». І ўсе: «Як так? Што такое?». Сапраўды, чалавек не чуў яе.

Як мы можам сабе ўяўляць, што ў гэтай краіне магчыма беларусізацыя, калі чалавек нават не чуў пра яе. Спачатку чалавека трэба пазнаёміць з гэтым. Расказаць, што гэта такое ёсць, неяк зацікавіць. Калі гэта адбудзецца, можа быць далейшы прагрэс. Але забягаць далей наперад я б не раіў. Спачатку трэба павольна, акуратна кантэнту даць».

Глядзіце цалкам:

Астапеня: Мы перараслі той момант, калі думалі, што Беларусь будзе беларускамоўнай

«Беларусы хочуць сучаснага бацю». Астапеня пра кандыдата ў прэзідэнты, які задаволіць большасць

Астапеня: Адбываецца пэўная трансфармацыя рэжыму ў Беларусі

Nashaniva.com