Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram
Адметна, што Андрэй Лабада выдаліў тэлеграм-акаўнт за 9 месяцаў да затрымання. Неўзабаве яго пачынаюць судзіць.
15.10.2024 / 08:42
Андрэй Лабада. Архіўнае фота з ягонай старонкі ў «Аднакласніках»
Андрэю Лабадзе 54 гады. Ён мінчук, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (тады — Мінскі радыётэхнічны інстытут) у 1993 годзе. Ад таго часу працаваў у банкаўскай сферы.
Вядома, што першым месцам працы стаў Беларусбанк, пазней ён перайшоў у Банкаўскі працэсінгавы цэнтр. Там ён дарос да начальніка аднаго з аддзелаў.
Андрэя затрымалі ў красавіку 2024 года. 12 красавіка яму прысудзілі адміністрацыйны арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля гэтага супраць яго завялі крымінальную справу. У відэа ГУБАЗіК ён кажа, што зрабіў данат у фонд «Краіна для жыцця» і пісаў каментары.
Адметна, што акаўнт Андрэя быў параўнальна добра абаронены — імя карыстальніка было выпадковым, тэлефон не «прабіваецца» расійскімі ботамі. Аднак, ён пісаў у розных лакальных чатах даволі шмат падрабязнасцяў пра сябе (адрас пражывання яго і сваякоў, звесткі пра месца працы) і скідваў фота. Да таго ж, акаўнт мужчыны быў створаны ажно ў 2017 годзе, калі існавала тэхнічная магчымасць перабіраць акаўнты па нумарах.
Незразумела, як менавіта на яго выйшлі, але здэананімізаваць ягоны акаўнт было не вельмі складана тэхнічна.
Суд над Андрэем Лабадой пачынаецца 31 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-2 КК). Андрэю пагражае да васьмі гадоў калоніі.
Судзіць яго будзе суддзя Аляксандр Рудэнка. Ён адправіў за краты некалькі дзясяткаў беларусаў па палітычных справах.
Гамельчука Паўла судзяць за каментары ў тэлеграме, хоць ён выдаліў акаўнт за тры гады да затрымання
Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?
Як зарэгістраваць ананімныя акаўнты ў Telegram, сацсетках і іншых месенджарах — падрабязны гайд