«Дзмітрыеву сказалі: «Калі нешта не тое, адразу вернешся ў турму»
Былы ўдзельнік «Гавары праўду» ананімна падзяліўся з «Нашай Нівай» рэакцыяй на артыкул Андрэя Дзмітрыева, у якім той заклікае Захад да вяртання паслоў у Мінск. А таксама расказаў, чаму з радараў знік Сяргей Чэрачань і як трымаюць «на алоўку» Таццяну Караткевіч.
15.10.2024 / 10:12
Андрэй Дзмітрыеў. У 2020 годзе яго зарэгістравалі ў якасці спарынг-партнёра на прэзідэнцкіх выбарах разам з Ганнай Канапацкай і Сяргеем Чэрачнем
Наш суразмоўца ведае Андрэя Дзмітрыева на працягу амаль сямі гадоў і ўпэўнены, што той хацеў бы выказацца яшчэ пра многае, але тое, што з’явілася на старонках часопіса «IPG — Міжнародная палітыка і грамадства» — адзінае, што яму пакуль дазволілі.
«Наколькі я ведаю, Андрэю забараняюць нават нармальна весці сацсеткі. Калі ён вызваліўся з турмы, яму сказалі: калі ў сацсетках не тое нешта выйдзе, адразу вернешся ў турму. Па вызваленні я даслаў Андрэю паведамленне, а ён у адказ толькі «прывітанне». І я не ўпэўнены, што гэта ён сам мне адказаў. Але я дакладна ведаю, што ён не ствараў бы артыкул пад заказ. Хутчэй, тэкст пісаўся ад душы, але ў межах дазволенага».
Суразмоўца адзначае, што ў яго шмат пытанняў наконт таго, чаму гэты артыкул быў апублікаваны менавіта цяпер, але ён лічыць, што адказы мы атрымаем, толькі калі ўлада зменіцца і праўда будзе бяспечнай.
«Я калісьці нефармальна спытаў у Андрэя пра 2010 год: маўляў, усе крытыкуюць твой учынак з тым «пакаяльным відэа». І ён тады адказаў: «Ведаеш, як было ўсё? У КДБ мяне трымалі тыдзень, сказалі, што калі выйду, то толькі старым дзедам, трухлявым і бяззубым. А потым паказалі праз акно жонку і сказалі, што мае дзеці пабачаць яе таксама, толькі калі яна бабуляй зробіцца. Ці я на камеру скажу, што трэба». Ну вось ён і сказаў».
Артыкул Дзмітрыева быў апублікаваны на фоне навіны пра затрыманне яшчэ адной лідаркі «Гавары праўду» Таццяны Караткевіч. Суразмоўца адзначае, што з абаімі размаўляў на тэму выезду з Беларусі, але кожны з іх знаходзіў свае прычыны заставацца.
«Таццяна сёння проста хоча спакою. Яна дапамагала людзям, гуляла ў футбол. Але вось ёй згадалі 2020 год… Ведаю, што ёй нават не дазвалялі лезці ў нейкія зборы подпісаў за лавачкі. Яна нешта пачынала рабіць, а ёй адразу: «Ты акуратней».
Таццяна Караткевіч.
У Андрэя ж хоць і жонка ў Іспаніі жыве, але ён бы сябе за мяжой не знайшоў, мне здаецца. Ён нічога не ўмее рабіць, ён палітык. І як па мне, то ён — самы моцны паліттэхнолаг у Беларусі. Чалавек, які з маладых гадоў займаўся вывучэннем паліталогіі. Чаму ў 2010 годзе Уладзіміра Някляева вылучылі ў прэзідэнты? Таму што Дзмітрыеву было толькі 29 гадоў. А гэта ён сам, па вялікім рахунку, арганізаваў тую прэзідэнцкую кампанію. У 2015-м яму яшчэ было 34, таму на выбары пайшла Караткевіч. Ён планамерна ішоў да таго, каб самастойна вылучыцца на выбарах у 2020-м.
У нас не ва ўсім сыходзяцца погляды з Андрэем, але тое, што ён моцны паліттэхнолаг — гэта праўда. І ён не бачыць сябе нідзе, акрамя палітыкі. Які-ніякі рэйтынг у яго ў Беларусі ёсць. А тыя, хто ўнутры краіны, менш слухаюць палітыкаў, якія за мяжой.
І знаходзячыся ў Беларусі, Дзмітрыеў можа людзей і падбадзёрваць, і падштурхоўваць. Такіх, хто не асабліва радыкальны, але хоча змены ўлады».
Маючы статус «экстрэміста» і судзімасць, Дзмітрыеў па законе не зможа ўдзельнічаць у новых выбарах.
У пачатку 2021 года Дзмітрыеў анансаваў стварэнне «Нашай партыі», праўда, уся дзейнасць прыціхла пасля арышту і пасадкі самога лідара ў 2023-м.
Суразмоўца «Нашы Нівы» знаёмы асабіста і яшчэ з адным экс-кандыдатам у прэзідэнты-2020 — Сяргеем Чэрачнем. Ён мяркуе, што той вымушана замоўк менавіта пасля прысуду Дзмітрыеву.
Сяргей Чэрачань
«Сяргей крытыкаваў улады яшчэ менш, чым Дзмітрыеў. Але калі Андрэй найперш — палітык, ён мог разглядаць турму як дадатковую палітычную школу, то Сяргей — у першую чаргу бізнэсмэн, якому ёсць што губляць. Таму ён цяпер і маўчыць».
Хто ж тады можа пайсці на выбары-2025?
«Я такіх людзей не бачу, — кажа суразмоўца. — Будуць, можа, Канапацкая і Гайдукевіч, але гэта не апазіцыя. Апазіцыя — гэта, калі ты крытыкуеш апанента. А сёння мы бачым, што ніякая крытыка ўлады недапушчальная ў Беларусі.
Для таго, каб паспрабаваць ісці на выбары, трэба быць моцным чалавекам, настолькі, каб не баяцца сесці ў турму, а ўсе такія людзі ці ўжо сядзяць, ці з’ехалі за мяжу».
Дзмітрыеў просіць вярнуць паслоў у Мінск. «Санкцыі б’юць па людзях, а не па ўладзе»
Каго сёння можна назваць сапраўдным патрыётам Беларусі? Гутарка з філосафам Баркоўскім