Лукашэнка ўдвая скараціў тэрміны выплаты дапамогі па беспрацоўі

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні законаў па пытаннях занятасці насельніцтва», які накіраваны на «стварэнне дадатковых умоў» для працаўладкавання грамадзян.

11.10.2024 / 21:48

Фота ілюстрацыйнае

У прэс-службе палітыка падкрэслілі, што такое рашэнне прынята «ў мэтах выключэння ўтрыманскіх настрояў». У прыватнасці, улады скарацілі перыяд выплаты дапамогі па беспрацоўі і зрабілі больш жорсткімі патрабаванні да яго атрымання.

З гэтага часу дапамогу для беспрацоўных грамадзян прызначаць толькі тады, калі будуць выкананыя канкрэтныя ўмовы. Так, напрыклад, гаворка ідзе пра рэгістрацыю ў службе занятасці на працягу месяца з даты звальнення.

Акрамя таго, па новых правілах трэба не менш за 5 гадоў да рэгістрацыі беспрацоўным знаходзіцца ў працоўных адносінах з выплатай узносаў у ФСАН.

Таксама, згодна з законам, скарачаецца максімальны перыяд знаходжання на ўліку ў службе занятасці з 18 да 12 месяцаў. Больш за тое, улады вырашылі ўдвая паменшыць і перыяд выплаты дапамогі па беспрацоўі — з 6 да 3 месяцаў.

Цяпер памер дапамогі, якая прызначаецца органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, залежыць ад таго, як доўга чалавек не працуе і ці звяртаецца ён па дапамогу ўпершыню.

Гэты памер вагаецца ад 28 да 80 рублёў у месяц.

Акрамя гэтага, дакумент прадугледжвае ўвядзенне квот на працоўныя месцы для інвалідаў: іх будуць вызначаць у парадку і памерах, вызначаных урадам, для наймальнікаў усіх формаў уласнасці (акрамя грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў, некамерцыйных і бюджэтных арганізацый).

Яшчэ адно новаўвядзенне — пашырэнне пераліку катэгорый беспрацоўных, якім даюцца дадатковыя гарантыі занятасці. Да іх адносяцца грамадзяне перадпенсійнага ўзросту (за 5 гадоў да дасягнення пенсійнага ўзросту), а таксама тыя, хто спыніў знаходзіцца ў ЛПП. Акрамя таго, у катэгорыю трапілі беларусы, якія пакутуюць ад алкагалізму і наркаманіі, але пры гэтым прайшлі медыцынскую рэабілітацыю.

Таксама ў прэс-службе Лукашэнкі адзначылі, што з гэтага часу для беспрацоўных прадугледжаная магчымасць электроннай рэгістрацыі, а таксама рэгістрацыі не толькі па месцы жыхарства, але і па месцы знаходжання.

Закон уступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

Якія змены чакаюцца для работнікаў і працадаўцаў

Польшча збіраецца пастрожыць умовы выдачы дазволаў на працу іншаземцаў

«Колькі зарабляць, кожны чалавек вырашае сам». Беларус расказаў пра жыццё і працу ў Фінляндыі

Nashaniva.com