Каму па кішэні? Агляд крэдытаў на нерухомасць ад беларускіх банкаў
Попыт на нерухомасць у Беларусі пасля працяглага росту продажаў запаволіўся. Гэта ў тым ліку звязана з падаражэннем крэдытаў. Паглядзелі, што сёння прапануюць айчынныя банкі і колькі трэба зарабляць, каб плаціць па гэтых стаўках дзеля мары ў выглядзе ўласных квадратных метраў.
14.10.2024 / 07:00
Ілюстрацыйны здымак. Фота: сацсеткі
Варта адразу адзначыць, што большасць крэдытаў прапаноўваецца тэрмінам на 20 гадоў з опцыяй крэдытавання да 90% кошту жытла. То-бок, мінімум 10% унёску за будучую жылплошчу трэба накапіць самастойна.
Большасць крэдытаў Беларусбанка прадугледжвае спецыяльныя ўмовы і тычыцца адмысловых дзяржпраграм. Даступная ўсім «Іпатэка Экспрэс» на набыццё жытла прапаноўваецца пад 16% гадавых (12,5% — для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і для куплі па месцы стаяння ў чарзе).
У Белаграпрамбанка цяпер у наяўнасці чатыры прапановы. Для «простых смяротных» працэнтная стаўка будзе 15,5%. На льготнае дакрэдытаванне ў 12,5% могуць прэтэндаваць грамадзяне з катэгорыі тых, хто можа разлічваць на дзяржаўную падтрымку пры будаўніцтве жытла ў межах указа Лукашэнкі №240 (былыя пракурорскія супрацоўнікі, вайскоўцы, дзеці-сіроты і інш.), а таксама тыя, хто аб’ектыўна мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
У межах праграмы «Хутка наваселле» ад Белгазпрамбанка можна разлічваць на 12% гадавых цягам першых 180 дзён карыстання крэдытам і на 14,3% надалей. Таннейшы шлях — набываць жытло ў забудоўшчыкаў-партнёраў банка («А100дэвелапмент», «Зялёная гавань» і іншыя): пры такім раскладзе ў першыя 180 дзён стаўка складзе 4,99%, але пасля будзе таксама 14,3%.
Большасць прапаноў Прыёрбанка цяпер са стаўкай 14,5%. Льготныя 12,5% прадугледжаныя на будаванне пад заклад з дзяржаўнай падтрымкай у межах таго ж указа №240.
Тэхнабанк заваблівае беларусаў фармулёўкай: «мы асэнсавана выбіраем для нашых кліентаў самыя выгадныя ўмовы крэдытавання, каб дапамагчы ім рэалізаваць свае мары пра жытло». На сёння ў банка актуальныя дзве прапановы крэдытавання з працэнтнай стаўкай 16,4% тэрмінам на 240 месяцаў. Праўда, для афармлення тут ужо трэба мець на руках мінімум 20% ад цаны будучай нерухомасці.
У Белвэба рыначная стаўка па крэдыце цяпер — 17,71% на набыццё як першаснай нерухомасці, так і жытла «з рук». Тут жа даступнае льготнае крэдытаванне нерухомасці ў рамках Указа №240 (гадавая стаўка — 12,5%). І прывабныя 5,99% у межах партнёрскага крэдытавання (на жаль, толькі на першы год, потым стаўка зноў стане рыначнай).
МТБанк выдае крэдыты на набыццё гатовага жытла ад забудоўшчыка, а таксама на долевае будаўніцтва. Працэнтная стаўка — ад 14% гадавых. Праз год яна пераўтворыцца ўжо ў 15,62%. У банка таксама ёсць нямала партнёрскіх прапаноў — напрыклад, з вядомымі ЖК «Дэпо» і «Новая Баравая». У першыя паўгода-год пры набыцці жытла ў такіх забудоўшчыкаў крэдытная стаўка будзе складаць ад 2,5 да 6%, але потым перакрочыць за 15%.
Асноўная працэнтная стаўка ў Беларускага народнага банка складае 16% гадавых. Банк супрацоўнічае з «А-100», і таму прапаноўвае некалькі гнуткіх праграм іпатэкі — паўплываць на льготы можа сума ўласнага ўнёску.
Банк «Гандлёвы капітал» гатовы фінансаваць не больш за 80% ад кошту маёмасці. Стаўка — 14,5% гадавых.
Хто сабе гэта можа дазволіць?
Відавочна, што ў складчыну, сям'ёй, будзе прасцей. Згодна з апошнімі данымі Белстата за жнівень намінальны сярэдні заробак у Беларусі склаў 2 341 рубель (да выліку падаходнага падатку). З улікам выплаты падаткаў — гэта крыху больш за дзве тысячы рублёў.
Калі падавацца з такім даходам у Беларусбанк на раней згаданы «Экспрэс крэдыт» з 16-працэнтнай стаўкай гадавых, то, згодна з разлікамі іх калькулятара, можна разлічваць на крэдыт у 57 457 рублёў максімум. Пры гэтым штомесяц прыйдзецца плаціць 1006 рублёў (з іх 240 — па асноўнай запазычанасці і 766 — па працэнтах).
Сплачаныя працэнты за 20 гадоў карыстання крэдытам агулам складуць амаль 92 тысячы рублёў.
Скрыншот з разлікамі на калькулятары Беларусбанка
З такім жа даходам у Белаграпрамбанка можна разлічваць на яшчэ меншую суму крэдыту — 29 404 рублі максімум. Пры гэтым банку таксама трэба будзе аддаваць амаль тысячу рублёў у месяц, пакідаючы сабе столькі ж на жыццё.
Скрыншот з разлікамі на калькулятары Белаграпрамбанка
У сталіцы квадрат у новабудоўлях без дзяржпадтрымкі цяпер каштуе ад $1150. Гэта значыць, што кватэра ў 40 квадратаў абыйдзецца мінімум у $46 тысяч, ці амаль у 152 тысячы беларускіх рублёў. Нават калі атрымаць у банка вышэй пралічаныя 57 457 рублёў, то не хапае яшчэ амаль 95 тысяч.
Акрамя таго, мы назіраем, што па выніках жніўня сярэдні заробак не вырас, а ўпаў на 14 рублёў. Усё гэта разам з самім падаражэннем крэдытаў і іх прывязкі да месца рэгістрацыі працягне ўплываць на попыт на нерухомасць.
Эксперт па нерухомасці палічыла, колькі трэба «не есці і не піць», каб купіць аднапакаёўку ў Мінску
Пасля працяглага росту ў Беларусі прыкметна знізіўся попыт на нерухомасць. Чаму так адбываецца?
«Будуць купляць у асноўным ужо гатовае жыллё». Рыхтуюцца змены ў сферы будаўніцтва прыватных дамоў