У Брэсце асудзілі ўжо 11-ю групу за «грубае парушэнне парадку» ў 2020 годзе
У судзе Ленінскага раёна Брэста 9 кастрычніка асудзілі яшчэ трох чалавек паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушае грамадскі парадак). Крымінальную справу супраць берасцейцаў разглядала Крысціна Папова, піша «Вясна».
10.10.2024 / 18:14
Адзін з асуджаных Яўген Бычко
Судзілі гэтым разам трох чалавек Сяргея Нічыпарука, Аляксандра Клімашэвіча і Яўгена Бычко. Усім ім урэшце прызначылі рэальнае зняволенне:
- Сяргей Нічыпарук — адзін год год шэсць месяцаў калоніі агульнага рэжыму;
- Аляксандр Клімашэвіч — адзін год калоніі агульнага рэжыму;
- Яўген Бычко — адзін год калоніі агульнага рэжыму.
Сутнасць абвінавачвання супраць усіх палягала ў тым, што людзі 10 жніўня 2020 года ў Брэсце «выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў». Гэтым яны нібыта груба парушалі грамадскі парадак.
Вядома, што дырэктара брэсцкай кампаніі Яўгена Бычко жорстка затрымалі на трасе M1 у сярэдзіне ліпеня. Мужчыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, а пазней пад'ехалі сілавікі, якія яго і затрымалі. На запісаным сілавікамі відэа Бычко гаворыць, што ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Брэсце.
Такім чынам, ужо вядома пра 61 чалавека, якія атрымалі тэрміны паводле арт. 342 КК за пратэсты, якія праходзілі 10 жніўня 2020 года ў Брэсце.
У Гомелі будуць разглядаць заяву аб амністыі для палітзняволенай Алены Гнаўк