Міністр унутраных спраў Літвы назвала, колькі беларусаў давялося прымусова выслаць назад у краіну

За 2023 год Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы прызнаў 1421 грамадзяніна Беларусі пагрозай нацыянальнай бяспецы. Цягам 2024 года — 224 чалавекі. Як вынікае са слоў міністра ўнутраных спраў Літвы Агнэ Білатайце, некаторых з гэтага спісу давялося прымусова вывозіць з Літвы ў Беларусь.

11.10.2024 / 15:20

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Пагранкамітэт Беларусі

У якіх беларусах Літва бачыць пагрозу?

Як правіла, Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы прызнае пагрозай тых беларусаў, якія раней служылі па кантракце ў шэрагах МУС Беларусі, у войску або іншых сілавых ведамствах, займалі высокія пасады ў дзяржаўных структурах або з'яўляюцца «кашалькамі» рэжыму Лукашэнкі.

Людзі, якіх Літва прызнае пагрозай нацыянальнай бяспецы, мусяць пакінуць яе тэрыторыю.

Колькі чалавек адмовілася з'ехаць добраахвотна?

У рэпартажы канала ТВ3 міністр унутраных спраў Літвы Агнэ Білатайце паведаміла журналістам, што на дадзены момант ёсць 9 выпадкаў, калі Служба аховы дзяржаўнай мяжы прымусова выслала такіх беларусаў з Літвы.

Кіраўнік аддзела міграцыі Аўдрус Шантарас у тым жа эфіры патлумачыў, што, паколькі чалавек уяўляе пагрозу грамадству, яго дастаўляюць да дзяржаўнай мяжы, дзе ён сам праходзіць пагранічны кантроль і пакідае тэрыторыю Літвы, з'язджаючы ў Беларусь.

Пры гэтым варта адзначыць, што высылцы з Літвы не падлягаюць тыя грамадзяне Беларусі, якія атрымалі ДНЖ на гуманітарных падставах.

Яскравы прыклад — кейс з актывісткай Вольгай Карач. Хоць яе і прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы, ёй выдалі новы ДНЖ на гуманітарных падставах і не сталі патрабаваць ад яе пакінуць краіну праз пагрозу палітычнага пераследу ў Беларусі. 

Нагадаем, у Беларусі Вользе Карач завочна прысудзілі 12 гадоў пазбаўлення волі.

Кіраўнік «Байсол» Андрэй Стрыжак у каментары «Нашай Ніве» сказаў, што ім невядомы выпадкі, калі прымусова высланыя з Літвы беларусы пасля трапілі пад крымінальны пераслед на радзіме па палітычных матывах.

Па стане на 1 ліпеня 2024 года 62 535 беларусаў маюць дзейны літоўскі дазвол на жыхарства.

Nashaniva.com