Былы ўдзельнік ад Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні» адкрыў у Канадзе танцавальную студыю

У 2016 годзе Аляксандр Мінёнак прадстаўляў Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні», у 2022 годзе ўцякаў ад вайны ва Украіне. А цяпер адкрыў у Таронта танцавальна-гімнастычную школу Min Art House.

09.10.2024 / 07:00

Аляксандр Мінёнак з жонкай Марыяй. Фота з сацсетак

Гэта сумесны праект Аляксандра і ягонай жонкі Марыі (яна з Украіны, скончыла эстрадна-цыркавую акадэмію). На заняткі запрашаюць як дзяцей, так і дарослых. Ёсць розныя напрамкі: ад дзіцячай гімнастыкі і акрабатыкі да хіп-хопу і джаз-фанку. Сярод навучэнцаў шмат дзяцей з Беларусі і Украіны.

View this post on Instagram

A post shared by (@minarthouse_)

Пасля дзіцячага «Еўрабачання» творчае жыццё Аляксандра Мінёнка складвалася даволі паспяхова. Ён быў запатрабаваны і як спявак, і як вядучы, а таксама здымаўся ў рэкламе.

У 2017 годзе Аляксандр стаў удзельнікам чацвёртага сезона ўкраінскага тэлепраекта «Голас. Дзеці». У тым жа годзе ён з сям’ёй пераехаў у Кіеў, бо там бачыў больш магчымасцяў для артыстычнай кар’еры.

Пазней хлопец напісаў у сацсетках: «Калі мы ехалі ва Украіну, нам расказвалі такія жахі, што там нацысты, што, калі ты размаўляеш на рускай, цябе заб'юць, пасадзяць і шмат чаго…» Ён прызнаўся, што першы час крыху баяўся размаўляць — а потым сам здзіўляўся таму, як можна было паверыць гісторыям прапагандыстаў на тэлебачанні.

23 лютага 2022 года спявак атрымаў дазвол на сталае месца жыхарства ва Украіне. А ўжо назаўтра пачалася вайна. Пасля першай ночы ў бамбасховішчы, сям'я вырашыла эвакуіравацца ў Кіеўскую вобласць, а потым з'ехала з краіны.

— Мае сябры, знаёмыя, блізкія не верылі, казалі, што мы самі сябе бамбім, што нас прыйшлі ратаваць, — пісаў у інстаграме артыст. — Многія так і не паверылі нам, і нашы зносіны спыніліся. Мая мама не хацела нікуды з'язджаць, яна хацела застацца ў сваім любімым Кіеве. Вельмі доўга на сувязь не выходзілі нашы знаёмыя і сябры, цэлы месяц мы пражылі ў здагадках і надзеях. Дзякуй Богу, з імі цяпер усё добра.

Той эмацыянальны пост Аляксандр скончыў фразамі: «Слава Украіне! Жыве Беларусь!».

Вядучая БТ, паэтка, уцякач. Як склалася жыццё самых яркіх удзельнікаў дзіцячага «Еўрабачання»?

У Нідэрландах адродзяць створаны беларусам аўтамабільны брэнд

У цэнтры Мінска за мільён даляраў прадаюць адзін з самых модных бараў 2010-х

Nashaniva.com