Беларус, які галадаў у Клайпедзе з-за немагчымасці вывезці аўтамабіль, цяпер пратэстуе за акіянам
Беларус Рыгор Алексіевіч, які абвяшчаў галадоўку з-за купленага ім аўтамабіля, які захрас у літоўскай Клайпедзе, працягвае свой пратэст, але ўжо знаходзячыся ў амерыканскім Сакрамэнта, піша «Новая газета. Балтия».
07.10.2024 / 22:53
«Я быў падмануты ў чаканнях, — гаворыць Рыгор Алексіевіч. — Шкадую, што паддаўся на ўгаворы прадстаўнікоў Сейма Літвы і спыніў пратэст. Мяне прасілі не нагнятаць абстаноўку і не даваць падставы для абвінавачванняў у правакацыі. Я вырашыў, што гэтыя аргументы гучаць пераканаўча, напісаў заяву і з'ехаў дадому ў Беларусь».
Аднак, па словах мужчыны, адказ ён так і не атрымаў, і цяпер не хавае расчаравання прынятым рашэннем.
«Шкада, што два тыдні былі патрачаныя практычна марна, — працягвае ён. — Вялізныя намаганні, якія я прыклаў, былі цалкам праігнараваныя. Гэтая сітуацыя тычыцца таксама сотняў іншых беларусаў, якіх закранулі абмежаванні і якія дагэтуль не атрымалі сваю маёмасць».
Цяпер Рыгор Алексіевіч у горадзе Сакрамэнта, сталіцы штата Каліфорнія, аднавіў пратэст. З плакатам ён выйшаў да мясцовага Капітолія. Ён хоча «каб увесь свет ведаў пра тое, што адбываецца ў Літве», і выказвае «цвёрды намер працягваць пратэст, калі мае дзеянні па-ранейшаму будуць ігнаравацца».
Ён папярэджвае, што можа вярнуцца да галадоўкі, хоць яна яму і далася няпроста.
У Літве праз санкцыі захраслі каля 4000 аўтамабіляў беларусаў.
Цяпер гэтая колькасць скарачаецца, бо некаторыя вывозяць аўтамабілі праз Грузію і Турцыю. Але гэта нятанна. 53-гадовы Рыгор Алексіевіч не пагадзіўся на такі шлях, палічыўшы, што Літва незаконна ўтрымлівае аўтамабілі і прымушае беларусаў звяртацца да дарагіх альтэрнатыўных шляхоў.
Свой гібрыдны Honda CR-V 2020 года выпуску ён выйграў на аўкцыёне 23 красавіка 2024 года. Пакуль аўтамабіль знаходзіўся на шляху ў Літву, былі прыняты меры па ўзмацненні санкцый у адносінах да грамадзян Беларусі. Пры абмеркаванні абмежаванняў была прадугледжана агаворка: калі машыны былі набыты да 1 ліпеня, то іх выпускаць у абарот можна. Але Літва гэтага не зрабіла.
Аўтамабіль прыбыў у Клайпеду 16 жніўня. Літоўская мытня адмовілася выдаць транспартную дэкларацыю для вывазу аўтамабіля ў Беларусь. Рыгор Алексіевіч прыехаў у Клайпеду, каб на месцы разабрацца ў сітуацыі. Калі яму ў чарговы раз адмовіліся аддаць аўтамабіль, аб'явіў галадоўку. Яму нават удалося атрымаць транзітныя літоўскія нумары, але не ўдалося забраць аўтамабіль з порта. Урэшце ён вырашыў спыніць галадоўку і вярнуцца ў Беларусь.
Беларус, які галадаў у Літве з-за нявыдачы аўтамабіля, спыніў акцыю і вяртаецца дадому
Беларус, які абвясціў галадоўку ў Клайпедзе, выйшаў з бальніцы і працягвае акцыю пратэсту
«Дактары падазраюць сардэчны прыступ». Беларуса, які абвясціў галадоўку ў Літве, забрала хуткая
«Я ў адчаі». Беларус, якому Літва не аддае куплены аўтамабіль, пачаў галадоўку ў Клайпедзе