Эканаміст Павел Данейка расказаў, чаму на сумоўях пытаўся пра Гары Потэра

А таксама падзяліўся, што павінен умець работнік, каб быць перспектыўным.

07.10.2024 / 13:42

Павел Данейка. Скрын відэа: malina_by / YouTube

Чаму трэба вучыцца, каб стаць паспяховым

«Мы павінны мяняць людзей. Вучоба, навучанне, дыялогі — гэта фармаванне іншага бачання. Гэта важны базіс будучыні краіны. (…) Адукацыя становіцца ключавой рэччу», — лічыць Павел Данейка і падкрэслівае неабходнасць стварэння ў Беларусі свайго Гарварду ў новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна».

На погляд эканаміста, у сучасным свеце перспектыўны чалавек павінен умець задаваць пытанні штучнаму інтэлекту.

«Пачалі гаварыць пра тое, што штучны інтэлект заменіць юрыстаў, бухгалтараў. Нікога ён не замяняе. Ён з'яўляецца інструментам», — лічыць Данейка і заўважае, што ў Злучаных Штатах юрыдычная практыка з выкарыстаннем штучнага інтэлекту рванула ўверх.

Добрым прыкладам таксама з'яўляюцца шахматы: «Машына выйграла ў Каспарава. Але гросмайстар і машына [разам] выйграюць у любой машыны. Таму што іх дыялог дазваляе сфармаваць трэці погляд, які недаступны кожнаму з іх [паасобку]».

Данейка адзначае, што штучны інтэлект стане добрым дадатковым інструментам у працы толькі ў тым выпадку, калі чалавек ведае, як правільна задаць яму пытанне.

«Для гэтага трэба мець карціну свету, каб выяўляць новыя трэнды, пра якія ты пытаешся. Таму сучасная адукацыя павінна сфармаваць карціну свету і разуменне трэндаў яго развіцця. Толькі тады ты зможаш ствараць нешта новае. А штучны інтэлект будзе інструментам у стварэнні гэтага. Тое, што ён умее, — гэта перапрацоўваць масівы інфармацыі, а тое, што мы ўмеем, — гэта ствараць бачанне таго, чаго няма», —

тлумачыць Данейка. Ён спадзяецца стварыць на бакалаўрыяце па эканоміцы ЕГУ такую адукацыю, якая дазволіць выпускнікам быць паспяховымі ў будучыні.

У чым важнасць «Гары Потэра»

У размове Павел Данейка звярнуў увагу на важнасць кніг пра «Гары Потэра». Ён называе яе «пераломнай у фэнтэзі». Як тлумачыць эканаміст, традыцыйнае фэнтэзі — гэта свет, які не на Зямлі або ў мінулым, а «Гары Потэр» — фэнтэзі, якое жыве ў сучасным.

Данейка расказвае, што на сумоўях заўсёды пытаўся, ці чытаў чалавек «Гары Потэра» і чаму гэтая кніга стала папулярнай. Ён тлумачыць гэта жаданнем убачыць творчы патэнцыял, праверыць, наколькі ў кандыдата развіта аналітыка, бо «пра эканоміку яны ўсе адкажуць, яны ж кніжкі чытаюць».

«На сумоўі такія пытанні, якія, на першы погляд, знаходзяцца збоку, дазваляюць убачыць, ці думае чалавек, ці спрабуе знайсці рашэнне».

Данейка расказвае, што размова пра «Гары Потэра» на сумоўі ў яго займае каля 40 хвілін. «Такая размова дазваляе зразумець, ці гатовыя яны капацца, знаходзіць рашэнні ў такіх тупіковых, нечаканых пытаннях».

Эканаміст Данейка ўпэўнены, што не горш за Лукашэнку змог бы манеўраваць паміж Захадам і Расіяй

Данейка: У Нацбанку шмат прафесіяналаў, якія б маглі рухаць рэформы

Данэйка: Элітай заўтрашняга грамадства будуць не айцішнікі

Nashaniva.com