Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

На Форуме свабоднай Расіі, які сёння праходзіць у Вільні, прысутнічае дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Алег Дунда, які падчас свайго выступлення згадаў пра Беларусь, прытым згадка гэтая была дастаткова арыгінальная: ён лічыць патрэбным пераносіць вайну і на тэрыторыю Беларусі. 

05.10.2024 / 18:14

Алег Дунда. Фота з яго фэйсбука

Алег Дунда лічыць, што перамагчы Расію пад украінскімі гарадамі Вуглядарам ці Пакроўскам Украіне немагчыма, бо гэта пазіцыйная вайна, падобная да той, якой была Першая сусветная. І гэта вайна на вычарпанне рэсурсаў, у якой Украіна Расіі саступіць, бо Масква гатовая кідаць на гэта ўсе свае рэсурсы, а вось заходнія саюзнікі Украіны не гатовыя. 

У той жа час, на ягоную думку, больш карысныя аперацыі накшталт той, якую Украіна правяла ў Курскай вобласці, бо гэта падрывае расійскую цэнтралізаваную ўладу, паказвае яе няздольнасць вырашаць праблемы. І практыка правядзення падобных аперацый, лічыць дэпутат, мусіць быць пашыраная і на Беларусь, бо там яны, маўляў, будуць яшчэ больш паспяховымі.

«Я глыбока ўпэўнены, калі адносна невялікія падраздзяленні УСУ зойдуць, беларускае войска складзе сваю зброю. Гэта нават не ўпэўненасць, гэта веданне. А гэта вялікі ўдар пад дых Маскве», — заявіў дэпутат Алег Дунда.

Пасля ў каментары тэлеканалу «Белсат» Дунда патлумачыў сваю думку больш разгорнута. Ён зазначыў, што каб правесці ў Беларусі такую ж аперацыю, як у Курскай вобласці, трэба, каб хтосьці «быў у абозе», каб нехта з беларусаў быў гатовы ўзяць на сябе ўладу і кіраванне тэрыторыямі:

«Проста акупацыйная аперацыя не мае сэнсу. Гэта павінна быць сумесная аперацыя з партнёрамі, з прадстаўнікамі беларускай грамадскасці. […] Патрэбен лідар, які будзе ісці фактычна з нашай арміяй, і якога беларусы будуць гатовыя прыняць, бо мы — не акупанты і не павінны кіраваць Беларуссю. Беларуссю павінны кіраваць самі беларусы».

Алег Дунда. Скрыншот з відэа

Такім лідарам можа быць Святлана Ціханоўская ці хтосьці іншы — прынцыповай розніцы тут няма, на думку Алега Дунды. Галоўнае, каб гэтага лідара падтрымалі замежныя партнёры і каб грамадства прыняла яго на час да правядзення дэмакратычных выбараў.

Пры гэтым думка пра беларускае грамадства ў яго невысокая, ён не лічыць яго палітычным суб'ектам:

«Па тых сацыяльных тэндэнцыях, якія ёсць, калі беларускае грамадства абсалютна аморфнае, можна сказаць, што ніякага пратэсту супраць такіх ваенных дзеянняў не будзе. Таму што калі б была нейкая грамадская пазіцыя, нават у дачыненні да Лукашэнкі, яна б праявілася б, а яе няма. Фактычна, беларусы не гатовыя праяўляць сваю пазіцыю, таму пры магчымай аперацыі ў Беларусі гэтай пазіцыі таксама не будзе».

44-гадовы Алег Дунда — ураджэнец Дняпра. Ён дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ад праўрадавай фракцыі «Слуга народа», быў абраны ў аднамандатнай акрузе ў Кіеўскай вобласці. З'яўляючыся сукіраўніком міжфракцыйнага дэпутацкага аб'яднання «За дэкаланізацыю Расіі», ён актыўна адстойвае неабходнасць распаду Расіі як апошняй посткаланіяльнай імперыі. 

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь

«Для Кіева было б лепш, каб Беларусі не існавала наогул». Вялікая размова з украінскім палітолагам Яўгенам Магдам

Расійскі апазіцыянер Яшын расказаў, чаму не хоча распаду Расіі і як думае працаваць з беларускімі палітыкамі — рэпартаж

Nashaniva.com