«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў аб працы на хіміі па 18 гадзін на дзень
Кухар-сушыст Арцём Мядзведскі за ўдзел у пратэстах трапіў на хімію — але не чакаў, што яна будзе нагадваць сучасны канцлагер. «Наша Ніва» выслухала яго аповед пра ферму, дзе здзекаваліся з жывёл і людзей, няўдалыя ўцёкі, траплянне ў калоніі і пераслед за 15 рублёў пераводу.
05.10.2024 / 07:00
Арцём Мядзведскі. Фота: архіў суразмоўцы
«Байсол» адкрыў збор на дапамогу Арцёму — паўдзельнічаць можна тут. Або, калі жадаеце дапамагчы хлопцу нейкім іншым чынам, напішыце яму ў фэйсбуку.
«Вырашыў застацца ў краіне, каб сябру не далі большы тэрмін»
Арцёму 27 гадоў. Нарадзіўся ў вёсцы Пасека ля Старых Дарог, але вырас у Асіповічах. Пасля 9 класаў школы юнак адвучыўся на тынкоўшчыка-маляра, але працу знайшоў не па спецыяльнасці — ён вырас у сям’і з чатырма братамі і сястрой, таму браўся за розныя справы, каб зарабіць капейку. Праз знаёмых Арцём знайшоў месца ў мінскім фастфудзе, а потым перакваліфікаваўся ў сушысты.
Хлопец апынуўся за кратамі ў кастрычніку 2020-га. Яго апазналі на відэа з паслявыбарчых жнівеньскіх пратэстаў — тады ён ля мінскага ўніверсама «Рыга» перацягнуў валун на праезную частку. У незалежных медыя з’явілася фота Арцёма з каменем, і на наступны дзень яму пачалі званіць сябры:
«У мяне пыталіся, што са мной, ці ўсё ў парадку. А інтэрнэту не было, і я не мог сам пабачыць тое фота. Думаў, усё абыдзецца штрафам. Але прайшло амаль тры месяцы, і затрымалі майго сябра, з якім я быў на пратэстах.
Было загадзя ясна, чым гэта скончыцца, і дзяўчаты на працы казалі мне — трэба з’язджаць. Але я вырашыў застацца, каб сябру не далі большы тэрмін. Мо, я б узяў на сябе частку віны. І праз тыдзень пасля таго, як яго затрымалі, прыйшлі па мяне на працу».
Спачатку хлопца абвінавацілі па артыкуле 293 — масавыя беспарадкі, з тэрмінам да васьмі гадоў, — потым змянілі артыкул на 342-гі. У студзені 2021-га, пасля некалькіх месяцаў у СІЗА на Валадарцы, Арцёму далі тры гады хіміі з накіраваннем. Адбываць яе мужчына паехаў у вёску Сушкі, што ў Камянецкім раёне.
Арцём думаў, што трапіць у мястэчка, але хімія аказалася зусім ізаляванай ад іншага свету:
«Гэта двухпавярховы будынак, на другім паверсе былі кабінеты мянтоў. Маленькі будынак стаіць у полі, ёсць невялікі двор, вакол — ферма. І ўсё, больш нічога, нават крамаў няма.
Неяк беднавата было там… Драўляныя падлогі, мышы бегаюць, як я потым даведаўся».
Яшчэ ў самым пачатку ў Арцёма склаліся дрэнныя адносіны з адным з аператыўнікаў — той пагражаў пераламаць ногі хлопцу, калі той вырашыць збегчы з хіміі.
Палітвязні на хіміі ў Сушках: Арцём Мядзведскі, Віктар Пархімчык, Лявон Халатран. Фота: архіў суразмоўцы
Арцёму адразу даручылі працу палявода — збіраць у полі камяні і смецце, накрываць ямы ў калгасах. Потым перавялі загоншчыкам на ферму. За першую працу яму плацілі па 150 рублёў штомесяц, за другую — 400-500 рублёў.
Штомесяц трэба было аддаваць не менш за 50 рублёў за камуналку, але плаціць, кажа Мядзведскі, не было за што: душ дазвалялі раз на тыдзень, ацяплення амаль не было, у пачатку яго тэрміну не было і гарачай вады.
«Трохі падкормлівалі мясцовыя даяркі, а так піў шмат кавы — глушыў страўнік, каб не так хацелася есці»
Арцём згадвае складаныя ўмовы працы на ферме. Праблемы з пітной вадой, якія там былі, хлопец называе дробязямі ў параўнанні з іншым:
«Каровы замучаныя, там сапраўды здзекуюцца з жывёл. Не было ў нас ніякага зменнага адзення, пасля працы нельга было памыцца — а гэта парушэнне санітарных нормаў. Калі працаваў загоншчыкам кароў, трэба было ўставаць а 4-й раніцы. Працаваў з пятай гадзіны ранку да адзінаццатай вечара, потым яшчэ гадзіну ўсіх развозілі пасля працы, і толькі а дванаццатай ночы я вяртаўся на хімію. Спаў чатыры гадзіны — і вяртаўся на працу. Спачатку ў мяне быў графік чатыры дні праз два, потым нібыта па працоўнай неабходнасці мяне прымусілі працаваць часцей.
Нікога не хвалюе, што ты стомлены і галодны. У калгасе ты не прыгатуеш паесці, на хіміі таксама, бо там у цябе толькі чатыры гадзіны на адпачынак. Трохі падкормлівалі мясцовыя даяркі, а так піў шмат кавы — глушыў страўнік, каб не так хацелася есці».
Хлопец успамінае, як каровы часам проста падалі і больш не падымаліся — тады іх адпраўлялі на мяса. Арцём рос у вёсцы і з дзяцінства працаваў у калгасе, таму ведае гэтую сферу знутры. Ён расказвае, што раней кароў добра кармілі, а цяпер, мяркуючы па Сушках, стан жывёлы нікога не цікавіць: ёй даюць няякасны корм, трымаюць у гноі і на бетоне.
З цяжкай працай па 18 гадзін на дзень Арцём зарабіў праблемы з кішэчнікам і звярнуўся ў бальніцу, пасля гэтага хлопца зноў перавялі працаваць на поле. Абвастрыўся стары канфлікт з аператыўнікам, падчас адной з сутычак Арцём атрымаў страсенне і зноў трапіў у бальніцу.
Відэа, якое Арцём зняў разам з сябрамі на ферме ў Сушках.
Тым часам у сеціве з’явілася відэа з жахамі фермы ў Сушках, якое Арцём зняў з іншымі хімікамі. На ферме пачалося разбіральніцтва — маўляў, хто гэта зняў. Хлопец ляжаў у бальніцы з тэлефонам, з якога якраз і было дасланае відэа, і пачаў баяцца, што яго вылічаць. Усё наклалася на іншыя хваляванні, і ў лютым 2022-га Арцём збег з бальніцы.
Ён планаваў з’ехаць з краіны, але пакінуў свае дакументы на хіміі. Да таго ж пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, і Арцём ужо не бачыў магчымасці з’ехаць, тым больш знаходзіўся ў вышуку. Мядзведскі правёў два месяцы на здымнай кватэры ў Высокім, дзе яго і затрымалі ў красавіку 2022-га:
«Мяне завезлі на хімію, паабяцаў, што дзівачыць не буду. Прайшоў тыдзень, і я даведаўся, што справу наконт маіх уцёкаў перадалі ў суд. Мне далі 20 сутак ШІЗА за ўцёкі, а потым быў суд, на якім мне запыталі замену рэжыму на калонію.
Казаў суддзі, што калі вырашыць не замяняць рэжым, няхай пераводзіць мяне на іншую хімію, бо ў Сушках мне жыцця не дадуць. Але казаць там было бессэнсоўна, я нічога не вырашаў».
«Спадзявацца, што Лука і яго падначаленыя перадохнуць? Гэта казкі»
Хлопца перавезлі ў брэсцкі СІЗА, і ўжо на наступны дзень яго адправілі ў карцар — маўляў, курыў у недазволеным месцы, хаця ён сцвярджае, што ўвогуле ў той час не курыў. Тады Арцём распачаў сухую галадоўку і запрасіў прыезд пракуратуры, каб тыя супрацоўнікі разбіраліся, ці законна яму зафіксавалі парушэнне.
Так ён правёў у карцары чатыры дні, прызначаныя за курэнне. Супрацоўнікі зафіксавалі шмат іншых парушэнняў, бо хлопец дзеля пратэсту не толькі галадаў, але і не падпарадкоўваўся правілам — напрыклад, не прыбіраўся ў камеры. Перад карцарам Арцёму перадалі «прывітанне» ад аператыўніка, з якім у яго былі сутычкі на хіміі — маўляў, па знаёмстве з ім для Мядзведскага зладзілі праблемы і ў СІЗА. Дадалі яшчэ тры дні ў карцары, і ўрэшце Арцём апынуўся ў калоніі №22 — Воўчыя Норы.
Там, расказвае Мядзведскі, яму зноў прылятала праз таго самага аператыўніка з хіміі:
«Ён працаваў раней на Воўчых Норах і мае там багата знаёмых, начальнік [калоніі] — яго сябар. Я быў у калоніі толькі пару тыдняў, як гэты начальнік выклікаў да сябе. Казаў — маўляў, пасаджу цябе на ланцуг, калі не сядзелася табе на хіміі.
Арцём Мядзведскі. Фота: архіў суразмоўцы
Раней я мог смяяцца з іх і не хаваў свае эмоцыі, а супрацоўнікаў раздражняла, што я ўсміхаўся. А калі мяне накіравалі да начальніка, стала не смешна, бо зразумеў, што тут ужо нічога не змагу вырашыць. На хіміі хаця б ёсць тэлефон, і можна з кімсьці звязацца. А ў калоніі… Дадуць адзенне, якое палічаць патрэбным. Што ты будзеш есці, дзе будзеш спаць — у калоніі ты нічога не вырашаеш. Трохі было страшнавата, але разумеў, што трэба пацярпець».
На Норах Арцём правёў дзевяць месяцаў, і за гэты час больш за дзесяць разоў трапляў у ШІЗА з надуманых прычын. У сакавіку 2023 года ён вызваліўся і вырашыў на нейкі час застацца ў Беларусі з роднымі. Атрымалася вярнуцца на працу сушыстам у Мінску, хаця ў першы час жылося нясоладка — Арцём успамінае, як начаваў на вакзале ці ў грамадскім транспарце.
У жніўні 2023 года хлопец паспрабаваў выехаць з Беларусі па польскай візе, але на мяжы даведаўся, што выезд для яго забаронены. А летам 2024-га Арцёму прыйшла позва ад сілавікоў, якія зацікавіліся пераводам у 15 рублёў ад Мядзведскага да яго сябра. У канцы той гутаркі хлопцу сказалі, што ён пакуль свабодны, і тады Арцём вырашыў тэрмінова з’язджаць:
«У мяне тады заставалася паўгода да зняцця судзімасці, і калі б мяне зноў пасадзілі, я б паехаў ужо на строгі рэжым. Не хацеў зноў сядаць, дый хто гэтага хоча?».
Цяпер Мядзведскі жыве ў Беластоку — хлопца прытуліў Віктар Пархімчык, былы палітвязень і сябар Арцёма па хіміі. Пакуль яму няпроста: трэба вырашаць пытанні з дакументамі і грошамі, тым больш з Беларусі Арцём выехаў з адным заплечнікам. Выратоўвае прадуктовая дапамога і падтрымка сяброў ды знаёмых.
Таксама Арцём дзеліцца сваімі планамі на будучыню:
«Трэба шукаць нармальную працу, можа, вярнуся ў кухарства. Калі нічога не зменіцца ў Беларусі ў бліжэйшы час, варта будаваць нейкія планы тут. Мушу паправіць здароўе, у мяне пачалі пасля выхаду крышацца зубы — лячыў іх у Мінску, але недалячыў. Дый зіма ідзе, трэба неяк вопратку набыць. Паціхеньку, далей будзе бачна».
Палітвязень правёў паўтара года ў СІЗА — вось як ён выглядаў пасля гэтага
«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі