Вядучая Бі-бі-сі выпадкова адправіла пытанні Борысу Джонсану перад інтэрв'ю. Інтэрв'ю прыйшлося адмяніць
Лора Кюнсберг адмяніла даўно анансаванае інтэрв'ю з былым прэм'ер-міністрам Брытаніі, пасля таго як яна выпадкова адправіла яму канспект пытанняў. Інтэрв'ю павінна было выйсці ў эфір вечарам у чацвер, паведамляе Бі-бі-сі.
04.10.2024 / 07:27
Борыс Джонсан. Фота: AP
Вядучыя праграмы звычайна працуюць з камандай прадзюсараў, якія ў дадзеным выпадку падрыхтавалі для Кюнсберг біяграфічную даведку аб Джонсане і прапановы патэнцыйных пытанняў да яго.
Палітыкаў з гэтымі пытаннямі, як правіла, да інтэрв'ю не знаёмяць, і ў дадзеным выпадку гэта не планавалася, але вядучая памылкова адправіла дакумент Джонсану замест сваіх калегаў.
Позна ўвечары ў сераду яна напісала ў сетцы X, што інтэрв'ю давядзецца адмяніць.
Лора Кюнсберг прызнала, што «сканфужаная і расчараваная», але дадала: «Хоць і даводзіцца чырванець, але сумленнасць — найлепшая палітыка».
Прадстаўнік Бі-Бі-Сі таксама заявіў, што адмена інтэрв'ю ў абставінах, якія склаліся, стала «найлепшым выхадам».
Лора Кюнсберг — адна з галоўных палітычных карэспандэнтаў Бі-бі-сі і пастаянная вядучая штотыднёвай аналітычнай праграмы, якая выходзіць у эфір у нядзелю раніцай, дзе часта выступаюць вядучыя брытанскія палітыкі і нярэдка замежныя знакамітасці.
У Брытаніі нават распрацавалі план наконт смерці ката Лары — галоўнага мышалова брытанскіх прэм'ераў
Борыс Джонсан расказаў, у чым змест мірнага плана Дональда Трампа па Украіне