У сталічнай школе зафарбавалі размалёўкі на нацыянальную тэматыку. Не стала Купалы, Скарыны і Гусоўскага
Замест іх у сярэдняй школы №173 Мінска цяпер проста жоўтыя сцены.
03.10.2024 / 14:57
Размалёўкі ў школе №173 г. Мінска. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».
Школа ў Заводскім раёне была ўзведзена ў 1987 годзе. Тады ж унутры была створана серыя смелых для таго часу размалёвак, якія адлюстроўвалі сюжэты на тэмы нацыянальнай культуры і гісторыі.
Размалёўкі з выявамі Скарыны і сюжэту з паэмы «Курган» Янкі Купалы. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
На фотаздымках можна пабачыць сюжэты з паэмы «Курган» Янкі Купалы і «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага, партрэтныя выявы самога Гусоўскага, першадрукара Францыска Скарыны і іншыя.
Усе яны былі замаляваныя ў снежні 2023 года, калі ў школе пачалі пазапланавы рамонт, прычым у сярэдзіне навучальнага года. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што летам таго ж года ўжо праводзіўся планавы рамонт.
Размалёўкі з выявамі Міколы Гусоўскага і сюжэту з ягонай паэмы «Песня пра зубра». Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Колішнія навучэнцы школы спадзяюцца, што размалёўкі проста зафарбаваныя і пасля іх можна будзе аднавіць.
Францыска Скарыну на салігорскай школе замянілі на белы шклопакет ФОТА