Цэнтральны вакзал Гамбурга перакрывалі з-за рэдкага смяротнага віруса, які забівае да 90% ахвяр

Ліхаманка Марбург, успышка якой днямі адбылася ў Руандзе, магла быць адтуль завезеная ў Германію студэнтам-медыкам і ягонай дзяўчынай, паведамляе выданне Bild. Ад вірусу не існуе вакцыны, і звычайна ён забівае носьбітаў за 8-9 дзён. Сітуацыю пракаментавалі ў СААЗ.

02.10.2024 / 23:01

Адзін з супрацоўнікаў хуткай дапамогі ў поўным камплекце касцюма хімічнай аховы каля цэнтральнага вакзала Гамбурга. Фота: Bild

Як паведамляе выданне Bild, сёння днём паліцыя Гамбурга на некалькі гадзін перакрывала два пуці і прылеглыя платформы на цэнтральным вакзале горада. Усяму віной — падазрэнне на вельмі смяротную і невылечную ліхаманку Марбург у двух пасажыраў аднаго з цягнікоў, у якіх раптоўна пачаліся адпаведныя хваробе сімптомы.

На месца, акрамя паліцыі, таксама выехалі машыны хуткай дапамогі і пажарнай службы, чые супрацоўнікі потым увайшлі на ачышчаныя ад людзей платформы і ў адзін з цягнікоў у поўных камплектах ахоўных касцюмаў. У цягніку з патэнцыйнымі заражанымі знаходзілася каля 200 пасажыраў, адзначае Bild.

«26-гадовы студэнт-медык і ягоная дзяўчына нядаўна прыляцелі на радзіму з Руанды, дзе адбылася новая ўспышка рэдкага і смяротнага вірусу Марбург. Перад адлётам у Германію студэнт кантактаваў з адным з руандзійскіх пацыентаў, у якога потым выявілі вірус.

На шляху да Гамбурга студэнту і ягонай дзяўчыне ў цягніку стала кепска, у іх выявіліся сімптомы, падобныя да грыпу. Пазней абодвух з вакзала на спецыяльнай машыне даставілі ва ўніверсітэцкую клініку Гамбург-Эпендорф, якая спецыялізуецца на трапічных хваробах. Іх багаж быў выняты для экспертызы», — заяўляюць мясцовыя ўлады і службы ратавання.

Тым часам Міністэрства аховы здароўя Руанды паведаміла пра 27 пацверджаных выпадкаў заражэння ліхаманкай Марбург і 9 смерцяў з мінулай пятніцы. Большасць заражаных — мясцовыя і замежныя медыкі, якія змагаліся з успышкай хваробы. Паводле ведамства, як мінімум 300 чалавек цяпер з'яўляюцца патэнцыйнымі носьбітамі вірусу і некаторыя з іх паспелі з'ехаць з Руанды.

Сітуацыю з распаўсюджваннем небяспечнага вірусу пракаментавалі і ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). 

«На сённяшні дзень не існуе эфектыўных метадаў лячэння або вакцыны ад ліхаманкі Марбург. Вось чаму людзям, у якіх праяўляюцца сімптомы вірусу, важна загадзя звяртацца па дапамогу ў шпіталі для падтрымлівальнай тэрапіі, якая можа павялічыць шанец выжывання пацыента.

СААЗ ацэньвае рызыку гэтай успышкі як вельмі высокую на нацыянальным узроўні (у межах адной краіны, дзе з'явілася ўспышка — «НН»). Аднак на рэгіянальным узроўні гэтая рызыка ацэньваецца як умераная, а на глабальным — як нізкая», — паведаміла прэс-служба СААЗ, перадае выданне Mirror.

Машыны паліцыі, хуткай дапамогі і пажарнай службы каля цэнтральнага вакзала Гамбурга. Фота: Bild

Супрацоўніцы нямецкай паліцыі ў ахоўных масках і пальчатках на цэнтральным вакзале Гамбурга. Фота: Bild

Ліхаманка Марбург (Marburg Marburgvirus, або MVD) упершыню ўзнікла ў 1967 годзе сярод работнікаў нямецкай лабараторыі ў Марбургу, федэральная зямля Гесэн. Хвароба належыць да таго ж сямейства вірусаў, што і ліхаманка Эбола, але нашмат больш смяротная за яе. Па інфармацыі СААЗ, смяротнасць Марбурга складае ад 25 да 90%, а сам вірус пачаў ізноў з'яўляцца ў 2023 годзе ў сельскіх раёнах Экватарыяльнай Гвінеі, а потым перакінуўся ў больш густанаселеныя раёны гэтай дзяржавы і ахапіў суседнія краіны.

Натуральнымі носьбітамі ўзбуджальніка Марбурга ў прыродзе з'яўляюцца егіпецкія лятучыя крыланы (кажаны, якія харчуюцца садавіной). Заразіцца ад кажаноў можна пры наведванні населеных імі пячор або пры ўжыванні ў ежу садавіны са слядамі іх выдзяленняў.

Паміж людзьмі перадача віруса адбываецца праз прамы фізічны кантакт: праз пашкоджаную скуру ці слізістыя абалонкі. Акрамя таго, падхапіць вірус можна пры ўзаемадзеянні з заражанымі паверхнямі і матэрыяламі, такімі як пасцельная бялізна або адзенне хворага чалавека.

Інкубацыйны перыяд ліхаманкі Марбург вар'іруецца ад 2 да 21 дня.

На першых стадыях заражэння MVD цяжка адрозніць ад многіх іншых трапічных ліхаманкавых захворванняў з-за падабенства іх клінічных сімптомаў. Звычайна яны такія: ліхаманка, цяглічныя болі, дыярэя і ваніты, а пры цяжкім цячэнні захворвання — унутраныя крывацёкі.

Акрамя таго, праз некалькі дзён пасля з'яўлення першых сімптомаў скура хворага можа пакрыцца высыпкай. На позніх стадыях выяўляюцца жаўтуха і панкрэатыт, пацыент імкліва губляе вагу, у яго развіваюцца дэлірый і іншыя нейрапсіхічныя парушэнні.

Ліхаманка Марбург доўжыцца ад аднаго да трох тыдняў, пасля чаго альбо праходзіць, альбо заканчваецца смерцю хворага. Без належнага догляду і падтрымлівальнай тэрапіі смерць можа надыходзіць праз восем-дзевяць дзён пасля з'яўлення першых сімптомаў.

Што цяпер чуваць пра воспу малпаў, якую месяц таму абвясцілі пагрозай свету?

Мінздароўя: У Беларусі ідзе рост захворванняў на кавід і ВРВІ

«Пасля 2020-га дзяржслужба моцна падсела на антыдэпрэсанты». Экс-чыноўнік расказаў, як лечаць у віп-клініцы

Nashaniva.com