Дураў заявіў, што Telegram супрацоўнічае з праваахоўнымі органамі ўжо 6 гадоў

«Магло падацца, што мой папярэдні пост абвяшчае пра сур'ёзны зрух у працы Telegram. Але на самой справе мала што змянілася», — напісаў уладальнік месенджара Павел Дураў у сваім акаўнце.

02.10.2024 / 16:30

Дураў патлумачыў, што з 2018 года Telegram раскрываў праваахоўным органам «IP-адрасы / нумары тэлефонаў злачынцаў у адпаведнасці з нашай палітыкай канфідэнцыйнасці ў большасці краін».

«Кожны раз, калі мы атрымлівалі правільна аформлены юрыдычны запыт па адпаведных каналах, мы правяралі яго і раскрывалі IP-адрасы / нумары тэлефонаў небяспечных злачынцаў. Гэты працэс пачаўся задоўга да мінулага тыдня», — падкрэсліў ён.

«Каб пазбегнуць блытаніны, на мінулым тыдні мы спрасцілі і ўніфікавалі нашу палітыку канфідэнцыйнасці ў розных краінах. Але нашы асноўныя прынцыпы не змяніліся. Мы заўсёды імкнуліся выконваць адпаведныя мясцовыя законы, калі яны не супярэчылі нашым каштоўнасцям свабоды і канфідэнцыйнасці», — расказаў Дураў пра змены.

«Мы не дазваляем злачынцам злоўжываць нашай платформай або пазбягаць правасуддзя», — рэзюмаваў ён.

Перад гэтым, 23 верасня, Павел Дураў напісаў, што каманда месенджара Telegram абнавіла ўмовы надання паслуг і палітыку канфідэнцыйнасці.

«IP-адрасы і нумары тэлефонаў тых, хто парушае нашы правілы, могуць быць раскрыты адпаведным органам у адказ на абгрунтаваныя юрыдычныя запыты», — гаварылася ў тым паведамленні.

Telegram будзе выдаваць уладам IP-адрасы і нумары тэлефонаў парушальнікаў

Якія звесткі пра нас захоўвае Telegram і што можа змяніцца для карыстальнікаў, калі ён стане раскрываць іх спецслужбам?

Расказваем, як магчыма ўзнаўляць чаты ў Telegram і як ад гэтага абараніцца

Дураў назваў парыжскім следчым свой заробак

Маці траіх дзяцей Дурава назвала Telegram сумесна нажытай маёмасцю і намякнула, што можа падаць у суд

Nashaniva.com