Трохразовы ўладальнік «Оскара» вяртаецца ў кіно

Дэніэл Дэй-Льюіс — адзіны ў гісторыі трохразовы ўладальнік «Оскара» за найлепшую мужчынскую ролю («Мая левая нага», «Нафта», «Лінкальн») — у 2017 годзе абвясціў пра завяршэнне кар'еры, але зараз перадумаў. Focus Features і Plan B працуюць над здымкамі фільма «Анемона», дзе Дэй-Льюіс сыграе галоўную ролю, піша Plot.

02.10.2024 / 14:01

Дэніэл Дэй-Льюіс. Фота: Evan Agostini / Invision/AP

Гэта рэжысёрскі дэбют яго сына — 26-гадовага Ронана Дэй-Льюіса. Сюжэт апісваецца як «даследаванне складаных адносін бацькоў, сыноў і братоў, а таксама дынамікі сямейных повязяў». У фільме таксама здымаюцца Шон Бін, Саманта Мортан, Сэмюэл Ботамлі і Сафія Оклі-Грын.

Дэй-Льюіс абвясціў пра завяршэнне акцёрскай кар'еры перад выхадам фільма «Прывідная нітка» ў 2017 годзе. Ніякіх прычын ён не назваў. Пазней ён сказаў, што падвёў рысу пад кіно.

«Я не хацеў, каб [пасля «Прывіднай ніткі»] мяне зноў уцягнула ў іншы праект. Усё сваё жыццё я казаў, што павінен кінуць акцёрскую кар'еру. Не ведаю, чаму гэтым разам усё было па-іншаму. Але жаданне сысці ўкаранілася ўва мне, гэта стала дакучлівай ідэяй. Я павінен быў гэта зрабіць», — казаў ён тады.

Таблоіды ўжо ўчора публікавалі фатаграфіі Дэй-Льюіса са здымачнай пляцоўкі — там ён ганяе на матацыкле з Шонам Бінам.

Суперзоркі, дасціпны гумар і заблытаныя забойствы. На экране чацвёрты сезон ледзь не дасканалага дэтэктыва

Крывавая гісторыя братоў Менэндэс. Топавы серыял па рэальных падзеях, які абавязкова трэба пабачыць

Колькі ў Вілейцы плацяць тым, хто грае спецназаўцаў у фантастычным расійскім серыяле?

Nashaniva.com