У Расіі будуць забіраць на вайну не толькі зняволеных, але і падсудных
Выданне «Важные истории» даведалася, што ў Расіі плануюць забраць на вайну 40 працэнтаў падсудных. Раней кантракт можна было заключаць толькі да суда ці пасля, гэта значыць з падазраванымі ці ўжо асуджанымі. Цяпер гэты заканадаўчы прабел ліквідаваны.
01.10.2024 / 15:55
Фота ілюстрацыйнае
Законапраект, які дазваляе заключаць кантракты з Мінабароны на стадыі суда, Дзярждума прыняла ў канцы верасня. Дэпутаты прагаласавалі за яго адразу ў другім і трэцім чытаннях. Закон яшчэ не падпісаны Пуціным, але, як расказалі «Важным историям» два адвакаты, якія працуюць у Расіі па крымінальных справах, у СІЗА ідзе падрыхтоўка да таго, каб адпраўляць падсудных на вайну.
Адпаведная задача была пастаўлена і вайскоўцам, якія займаюцца вярбоўкай па кантракце, паведаміў суразмоўца выдання ў Мінабароны. Паводле яго слоў, падрыхтоўка заключаецца ў зборы інфармацыі пра тое, колькі падсудных прыдатныя да вайсковай службы і як шмат сярод іх ахвотных заключыць кантракт: «З прыблізна 60 тысяч падсудных чакаецца забраць 40%».
Па словах суразмоўцаў «Важных историй», з кожнага СІЗА могуць забраць на вайну каля 100 падсудных. У Расіі дзейнічае 210 следчых ізалятараў, а значыць, могуць адправіць на вайну каля 20 тысяч чалавек.
Крыніца, блізкая да Генштаба, кажа, што колькасць зняволеных для адпраўкі на вайну памяншаецца.
«Гэта не бясконцы рэсурс, і рашэнне адпраўляць на «СВА» падсудных сведчыць пра тое, што прыток зняволеных ужо не такі, як раней. Асуджаныя па лёгкіх артыкулах, тыя, каму засталося сядзець нядоўга, неахвотна ідуць ваяваць».
Што да тых, хто адбывае пакаранне па цяжкіх артыкулах, то
«значную частку такога кантынгенту ўжо забралі, таму даводзіцца браць патэнцыйных зняволеных на ўваходзе», — кажа крыніца.
Ці набліжае гэта новую хвалю мабілізацыі?
«Гэта залежыць ад таго, ці хопіць цярпення ў Крамля. Пакуль што палітычнае кіраўніцтва задавальняе прасоўванне войскаў на 400 метраў у дзень і паступовае знішчэнне ўкраінскай арміі, але ўсё можа змяніцца», — лічыць крыніца.
Стаў вядомы першы выпадак гібелі на вайне жанчыны, якая заключыла кантракт з Мінабароны РФ у калоніі
У Расіі зэк, які вярнуўся з вайны, зарэзаў дзяўчыну, якая назвала яго дурнем