Пазняк: Калеснікава — поўнае палітычнае нішто

Лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк днямі напісаў тэкст «Пра палітыку і палітвязняў», у якім ставіць «парадаксальнае пытанне»: што рабіць з тымі палітвязнямі, якіх ён лічыць ворагамі беларускага народа, перадусім з Віктарам Бабарыкам і яго паплечнікамі? Ці варта беларусам змагацца за іх вызваленне таксама?

24.09.2024 / 23:02

Паўтарыўшы традыцыйныя абвінавачанні на адрас Бабарыкі і ягоных аднадумцаў, што яны нібыта выконвалі заданне Крамля па ліквідацыі беларускай незалежнасці, Пазняк акрэслівае «трайны канфлікт» 2020 года:

«беларускі народ выступіў супраць улады Лукашэнкі за вольную Беларусь; стаўленнік Масквы Бабарыка выступіў супраць улады Лукашэнкі за ўваходжанне Беларусі ў Расію; Лукашэнка выступіў супраць народа (пачаў замыкаць беларусаў за краты) і адначасна кінуў у турму Бабарыку з пасобнікамі. Усе тры суб'екты палітыкі ёсць ворагамі адзін аднаму».

У сувязі з гэтым «узнікае парадаксальнае пытанне»:

«Калі вораг беларускага народа ёсць Лукашэнка, які пасадзіў у турму тысячы беларусаў і адначасна кінуў за краты ворага дзяржаўнай незалежнасці Беларусі Бабарыку (з падзельнікамі), то як вызваляць усіх палітвязняў? Яны ж палітычна несумяшчальныя ў дачыненні да галоўных інтарэсаў нацыі і ў адносінах адзін да аднаго. Парадокс».

Тут жа на гэтае пытанне даецца і адказ, які на карысць Бабарыкі з «падзельнікамі»:

«Змагаймася за вызваленне ўсіх палітвязняў, бо асуджаныя яны не па праву, не па закону, а па палітычных інтарэсах узурпатара».

Пры гэтай нагодзе Пазняк надзвычай крытычна выказаўся пра палітзняволеную Марыю Калеснікаву, цалкам адмаўляючы ёй у палітычнай суб'ектнасці:

«Што такое Калеснікава? Адкуль яно з'явілася? Дзесьці каля паўгода на яе глядзелі, чулі яе крайне інфантыльныя разважанні, бачылі яе прыдуманыя манеры, адсутнасць палітычнага інтэлекту і проста глупствы (напрыклад, відэа-размова з журналістам Кацам, дзе яна хваліць Лукашэнку, абяцае яму заслужаную пенсію і т. п.). Нават у параўнанні са Святланай Ціханоўскай, якая ўжо хоць нешта кажа, гэтая асоба — поўнае палітычнае нішто.

Тым часам «дэмсмі» і заходнія «СМІ» не перастаюць пра яе пісаць, вяшчаць, хваліць, абзываць лідарам дэмакратыі, дэманстраваць заклапочанасць, ставіць яе фотачкі з сардэчкам у Інтэрнэт. Прыдумалі нават плакацік, дзе яна побач з Кастусём Каліноўскім (!!), «Родзіна-мать зовёт» і т. п. — прапагандысцкая пашляціна».

Зянон Пазняк паехаў гаварыць пра беларускія справы ў Кіеў

Пазняк: Рэжым пасыпаўся

Пазняк прапанаваў, як вызваліць палітвязняў

Nashaniva.com