«Я памятаю свой шок, а мне кажуць: «Зламалі». Лукша расказаў, як запісвалі відэа з Кастусёвым пасля выбараў-2010

У новым выпуску ТОКу былы вядучы «Зоны Х» і былы палітзняволены Дзмітрый Лукша падзяліўся сваімі ўражаннямі ад таго, як хутка спецслужбы могуць зламаць чалавека.

23.09.2024 / 19:54

Рыгор Кастусёў дае інтэрв'ю БТ. 20 снежня 2010 года. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

Дзмітрый Лукша згадвае, што быў рэпарцёрам і асвятляў падзеі «Плошчы-2010». Ранкам наступнага пасля прэзідэнцкіх выбараў дня, 20 снежня 2010 года, яму давялося запісваць зварот кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва, які з палітыка выбівалі сілавікі.

«Прывозяць Кастусёва. І ў мяне яшчэ працуе наіўнасць, нейкае неразуменне ў тым плане, што ўчора я працаваў на Плошчы. Ноччу я бачыў Кастусёва, які стаіць на трыбуне і гаворыць нейкія лозунгі. А тут ён прыязджае і гаворыць: «Так, як мне лепей стаць? Я зараз дам інтэрв'ю».

Я памятаю свой шок. Што адбываецца? Я задаю пытанне чалавеку, які яго прывёз: «Прабачце, а як так?» І ён мне цалкам спакойна гаворыць: «Зламалі»,

— расказвае Лукша і дадае, што для яго было вельмі дзіўным назіраць, як хутка чалавек можа змяніцца.

Кастусёў тады заявіў, што разгон Плошчы-2010 выгадны Расіі, што ў прынцыпе адпавядала пазіцыі Беларускага народнага фронту, які ён прадстаўляў. З часам Кастусёў аднавіў актыўную палітычную дзейнасць, узначаліў БНФ. У 2021 годзе быў арыштаваны за ўдзел у «змове», быў прысуджаны да 10 гадоў зняволення. За кратамі ў Кастусёва выявілі анкалогію, ён выйшаў па памілаванні 3 ліпеня 2024 года — у адзін дзень з Дзмітрыем Лукшам, які таксама стаў палітвязнем.

***

Дзмітрый Лукша нарадзіўся ў 1989 годзе. У канцы 2000-х і першай палове 2010-х працаваў на БТ, быў вядучым «Зоны Х».

У 2020 здымаў пратэсты для казахстанскага тэлеканала «Хабар». У 2022 быў арыштаваны і прысуджаны да 4 гадоў зняволення за ўдзел у дэманстрацыях і «дыскрэдытацыю Беларусі». Разам з ім была асуджаная яго жонка Паліна Палавінка. Адбываў пакаранне ў калоніі ў Шклове.

Вызваліўся 3 ліпеня 2024 года па памілаванні адначасова з жонкай, пасля чаго сям’я з’ехала ў Польшчу.

Глядзіце цалкам:

2010: Як гэта было, або Хроніка найбольш значных падзей

«Ён ужо дома». Дачка Рыгора Кастусёва расказала пра першую гутарку з бацькам пасля вызвалення

«Усе бачылі, што яму падабаецца Наташа, і думалі: «Ну калі вы ўжо?!» Былы палітвязень Лукша расказаў пра свае адносіны з Эйсмантамі

Nashaniva.com