Чаму ў Еўропе загінулі тысячы ластавак?

На мінулым тыдні з Аўстрыі і Германіі паступіла шмат паведамленняў аб гібелі ластавак. Тысячы ластавак, у асноўным гарадскіх, шукалі месцы, каб схавацца ад дажджу і адпачыць. Галодныя, знясіленыя птушкі чародамі садзіліся на падаконнікі, балконы будынкаў, хаваліся пад дахамі. Мёртвымі птушкамі была ўсланая зямля, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач»

21.09.2024 / 17:00

Скрыншот з відэа

Прыродаахоўныя арганізацыі, прытулкі і валанцёры правялі вялікую працу, каб выратаваць частку ластавак, аднак шмат птушак не выжыла.

Усё гэта праз тое, што на мінулым тыдні ў Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Румыніі, паўднёвай Германіі і Польшчы прайшлі працяглыя дажджы, якія прывялі нават да паводак. Так, у чэшскім горадзе Пардубіцы вялы дожджык пачаўся вечарам у сераду і ішоў без перапынку 66 гадзін да суботы, потым ішоў з невялікімі перапынкамі, а ў нядзелю а 12-й гадзіне пайшоў моцны дождж. На поўначы краіны на 80% быў затоплены горад Крноў, больш за 10 тыс. чалавек былі эвакуяваныя.

Ластаўкі — пералётныя птушкі, якія ляцяць на зімоўку ў Афрыку. Яны ядуць выключна насякомых. У іх практычна няма тлушчавых запасаў, бо па дарозе яны амаль заўсёды могуць падсілкавацца. Такая стратэгія. Але праз незвычайна доўгія бесперапынныя дажджы птушкі нават страцілі магчымасць лётаць, бо не маглі знайсці насякомых.

Экстрэмальныя ўмовы надвор'я, магчыма, паўплывалі на многія віды насякомаедных птушак. Але людзі ўбачылі праблему толькі ў птушак, якія мігруюць чародамі і больш заўважныя.

За апошнія 20 гадоў папуляцыя гарадской ластаўкі ў Аўстрыі скарацілася ўдвая. Скарачаецца і колькасць вясковых ластавак. А як паўплывала цяперашняя катастрофа на папуляцыі ластавак, стане вядома на наступны год.

У часе буры моцна пацярпелі птушкі. Адзіны ў краіне прытулак для іх не дае рады — яму патрэбная дапамога

У Гродне з'явіліся апараты, якія выдаюць корм для качак і лебедзяў

Трое беларусаў выратавалі параненага чорнага бусла

У адным гняздзе ў Мазыры налічылі ажно 6 буслоў. Гэта вельмі рэдкі выпадак

Nashaniva.com