«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі

У красавіку з Беларусі выехаў прадпрымальнік і хрысціянскі прапаведнік Сергій Мельянец, які перад гэтым адседзеў 25 дзён на Акрэсціна. Разам з ім у Польшчы апынуліся яго жонка і сямёра дзяцей — цяпер вялікая сям'я спрабуе арганізаваць жыццё на чужыне, але пакуль не ўдаецца нават знайсці належнае жыллё. Ёсць праблемы і з медыцынай.

14.10.2024 / 20:30

Фота: архіў суразмоўцы

«Калі мы казалі пра пецярых дзяцей, гаспадары адказвалі, што іх кватэры нам будзе мала»

Сергій расказвае, што іх эпапея з пошукамі жылля пачалася ў чэрвені. Тады ім дапамагла з кватэрай адна з пратэстанцкіх цэркваў Варшавы. Стан кватэры быў не найлепшы, і ў ёй планавалі рабіць рамонт, але пакуль да яго яшчэ не дайшло, Мельянцам далі магчымасць там пажыць некалькі тыдняў.

Адначасова з гэтым сям’я шукала новае жыллё. Пачалі з таго, што звярнуліся ў дабрачынныя арганізацыі, але не знайшлі там прапановаў таннага ці бясплатнага жылля для беларусаў. І тады перайшлі да аб’яваў пра арэнду, але камунікацыя з магчымымі гаспадарамі праходзіла па адным сцэнары:

«Нас запрашалі паглядзець кватэру і пыталіся, колькі людзей будзе жыць — адказвалі, што мы з жонкай і пяцёра дзяцей. Спачатку казалі, што сем дзяцей, але потым натхнілі старэйшых зняць асобны пакой. Калі мы казалі пра пецярых дзяцей, гаспадары адказвалі, што іх кватэры нам будзе мала, і гэта не залежала ад метражу — нам і 50, і 100 квадратаў быццам бы павінна было быць мала, на іх думку.

Напэўна, людзі проста саромеліся сказаць, што не хочуць здаць нам кватэру, але часам адкрыта казалі — маўляў, у вас зашмат дзяцей.

Званілі і мы, і валанцёры, якія нам дапамагалі, зрабілі сотні званкоў. Дабрачынныя арганізацыі былі гатовыя выпісаць нам характарыстыкі, што мы добрыя людзі, хрысціяне, з намі не будзе праблем, але нічога не дапамагала». 

Так цягнулася больш за тры месяцы. Нарэшце сям’і трапіўся варыянт жылля недалёка ад Варшавы — хоць і не ў горадзе, але блізка знаходзіцца прыпынак электрычкі. Прапанавалі ў арэнду тры пакоі ў доме, які функцыянуе па прынцыпе хостэла.

У гэты раз пытання пра дзяцей не ўзнікла, бо да беларусаў у тых пакоях жыла жанчына, у якой было сем сабак, таму гаспадару было ўсё адно які памер сям’і. Пакоі былі ў дабітым стане, кажа Сергій, хаця іх і трошкі прыбралі.

Тым не менш, сям’я пагадзілася на прапанову:

«Там прахадны калідор, але ёсць тры асобныя пакоі, якія можна замыкаць на ключ. Ад безвыходнасці вырашылі пакуль што пераехаць сюды і жывем тут ужо каля тыдня. На калідоры, па якім мы ходзім, стаяць камеры, і калі я выходжу з пакоя, гэта адразу бачыць камера — нязвыкла так жыць. Яшчэ ў нас чацвёра суседзяў, якія жывуць на другім паверсе, і яны пастаянна ходзяць міма нас.

Хацелася б нейкай прыватнасці, таксама ёсць пытанні па гаспадарцы, але пакуль што вось так. Шукаем іншы варыянт, тым больш што па кошце наша цяперашняе жыллё — як трохпакаёўка ў Варшаве».

Фота: архіў суразмоўцы

Пакуль што Мельянцы займаюцца легалізацыяй, а таксама трохі падпрацоўваюць — збольшага гэта прыбіранне і дапамога ў гаспадарцы.

У вольны час Сергій займаецца дабрачыннымі праектамі, ён хацеў бы і працаваць у такой сферы. Таксама ў яго 22 гады стажу кіроўцы, і ў будучыні мужчына плануе зрабіць польскае пасведчанне кіроўцы — магчыма, атрымаецца падпрацоўваць таксістам.

Калі вы гатовыя любым чынам дапамагчы сям'і Мельянцоў, можна напісаць Сергію ў фэйсбуку.

«На сваёй сям’і адчуў гэтую сапраўдную любоў беларусаў адно да аднаго»

Пасля пераезду ў Польшчу Сергію давялося спраўляцца з псіхалагічнымі наступствамі зняволення. Ён расказвае, што так і не здолеў даць рады польскай медыцыне, дзе трэба доўга чакаць візіту да доктара:

«Было такое, што я не мог спаць, пастаянна прачынаўся, працягваюцца болі ў сэрцы. Зубы моцна адрэагавалі на зняволенне — я не ведаю, як людзі гадамі жывуць у турмах ды калоніях, у мяне за месяц з зубамі ўсё моцна пагоршала. Цяпер нарэшце ўдалося гэтым заняцца.

У дзяцей таксама з’явіліся некаторыя праблемы, магчыма, на фоне стрэсаў. Насіў вялікія торбы, у нас жа няма машыны, і гэта таксама паўплывала на арганізм, цяпер даводзіцца лячыцца.

Так разумею, што еўрапейцы проста стараюцца не хварэць. У маёй дачкі Дамінікі ёсць сур’ёзныя праблемы са зрокам, і мы з’ехалі з Беларусі якраз у той час, калі ёй трэба было праходзіць чарговае абследаванне. Тады ж ёй далі б інфармацыю, якія ёй трэба акуляры для вучобы, бо яна расце, змяняюцца і вочы, і аб’ём галавы. Мы звярнуліся да тэрапеўта, і нам сказалі, што можна трапіць на абследаванне толькі ў сярэдзіне наступнага года». 

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Сергій адзначае, што ў Польшчы з ім і яго сям’ёй здарылася багата добрых рэчаў. Ён кажа пра знаёмствы з беларусамі і палякамі, якія дапамагалі сям’і з адзеннем, прадуктамі, пошукамі жылля, а таксама падтрымлівалі маральна. 

Фота: архіў суразмоўцы

Мельянцы пазнаёміліся з некалькімі арганізацыямі, якія ім трохі дапамаглі з прадуктамі і побытавай хіміяй, а потым і яны самі сталі валанцёрыць у гэтых арганізацыях.

Хрысціянская супольнасць іх таксама прыняла добра, Сергій расказвае пра вялікую салідарнасць у гэтым асяродку. З’явіўся і сябар сярод каталікоў — Вячаслаў Барок.

Сергій згадвае, што ён з 2020-га разумеў — магчыма, давядзецца з’ехаць з Беларусі, хаця вельмі не хацеў гэтага рабіць:

«Вельмі моцна люблю Беларусь, мы ўсё марым туды вярнуцца, і адна справа — калі ты адзін з’язджаеш, а іншая — калі ў цябе табар з сямі дзяцей, за якіх трэба несці адказнасць.

На сабе адчуў, як класна, калі навокал ёсць беларусы. Яны самі жывуць далёка не ў шыкоўных умовах, у іх багата праблем, але яны адкрытыя для таго, каб клапаціцца пра іншых. Я на сваёй сям’і адчуў гэтую сапраўдную любоў беларусаў адно да аднаго».

«У мяне шмат удзячных словаў да нашых людзей, да польскіх уладаў, бо яны адчынілі дзверы, даюць нам магчымасць тут знаходзіцца і аказваюць хоць нейкую дапамогу. У нас нармальныя ўмовы, мы не галадаем і маем што надзець — праўда, зараз трэба рыхтавацца да зімы, у нас няма зімняй вопраткі, але паціху і гэта вырашым. 

Не ведаю, што будзе далей. Але я рады, што ёсць Бог, ёсць царква і беларусы навокал», — адзначае Сергій.

«Давялося ісці ў КДБ на допыт з дэтэктарам хлусні». Прапаведнік Мельянец выехаў з Беларусі з сямю дзецьмі і расказаў пра пераслед

Як у КДБ дапытваюць з дэтэктарам хлусні? Досвед беларуса

«Нашы кліенты рызыкавалі самым каштоўным, каб Украіна была вольнай». Як беларуска стварыла рэабілітацыйны цэнтр для ваяроў пад Кіевам

Вера Белацаркоўская