Грамадства1313

Як у КДБ дапытваюць з дэтэктарам хлусні? Досвед беларуса

Людзей, якія трапляюць у рукі беларускіх сілавікоў, часам вымушаюць праходзіць праз дэтэктар хлусні. Мы пагутарылі з чалавекам, які з гэтым сутыкнуўся.

На дэтэктар хлусні часам запрашаюць і тых, хто сядзіць на Акрэсціна. Фота: Peter Dazeley / Getty Images

Прапаведнік Сергій Мельянец трапіў пад увагу сілавікоў яшчэ ў 2020-м, калі быў затрыманы на пратэстах, у 2021-м ён атрымаў адміністратыўку за бел-чырвона-белыя жалюзі. 10 сакавіка 2023 мужчына зноў сутыкнуўся з сілавікамі — тыя прыйшлі да яго дахаты.

Дапамагчы сям'і Сергія Мельянца можна тут.

Два незнаёмцы прадставіліся супрацоўнікамі КДБ. Мельянца запрасілі на размову як патэнцыйнага сведку па вялікай крымінальнай справе — маўляў, ён мусіў апазнаць кагосьці па фота. А таксама запатрабавалі яго тэлефон: прагледзелі старонку ў фэйсбуку, запісалі ўсе нумары ў кнізе кантактаў з польскім і ўкраінскім кодамі, зафіксавалі ўсе чаты ў тэлеграме за апошнія месяцы, даныя акаўнта мужчыны і фоты на тэлефоне. І ў канцы сказалі чакаць званок, падчас якога скажуць, куды прыходзіць на размову.

Сергій разумеў, што з той размовы можа не выйсці, і падумваў з’ехаць з краіны, але ўсё ж застаўся. Праз некалькі дзён яму прызначылі сустрэчу ў будынку на вуліцы Кальварыйскай у Мінску, недалёка ад станцыі метро Маладзёжная. На размову Мельянец пайшоў з запаснымі камплектамі бялізны, двума экзэмплярамі Новага Запавету, бутэлькай вады і бутэрбродамі з сырам.

Ён згадвае, што на прахадной ніхто не чакаў яго прыходу. Ледзь атрымалася знайсці сілавіка, які запрашаў Сергія на размову. У выніку той правёў мужчыну ў невялічкі кабінет з дэтэктарам хлусні.

«Гэта было праз пару тыдняў пасля таго, як у Мачулішчах атакавалі дронам самалёт. Мне ніхто не казаў, па якой справе да мяне пытанні. Следчы, які падключаў мяне да дэтэктара, спытаў, ці здагадваюся, чаму я там. Я адказаў, што чуў пра нейкае здарэнне ў Мачулішчах. Бо з чаго яшчэ такая актыўнасць? Так разумею, яны цягалі ўсіх жыхароў Мінскага раёна, хто некалі засвяціўся па пратэсных артыкулах.

Чаму вырашылі скарыстаць дэтэктар хлусні? Напэўна, яны маглі мяне проста апытаць, але, мяркую, ім паставілі дакладныя ўмовы, як працаваць з падазраванымі. Які сэнс кожнага цягаць на дэтэктар? Падобна, яны вельмі хацелі хоць кагосьці знайсці», — згадвае Мельянец.

Сергія пасадзілі на вялікае цёмна-сіняе крэсла з высокай спінкай, запыталі даныя для анкеты: калі нарадзіўся, дзе жыве і працуе, калі прыцягваўся да адказнасці. Потым яму далі падпісаць паперу, дзе было сказана, што ён згодны прайсці праверку на дэтэктары хлусні. Мельянец запытаў: што, калі ён не згодны? У такім выпадку працэдуру прапанавалі прайсці на Акрэсціна.

Далей на яго надзелі тры драты: на ўказальны, сярэдні і безыменны пальцы правай рукі, а таксама на вялікі палец левай. Ля печані мужчыны і трохі ніжэй за ключыцу памясцілі датчыкі для адсочвання дыхання. І пачалі з пробных тэстаў: задалі некалькі простых пытанняў і папрасілі наўмысна схлусіць пры адным з адказаў.

А потым пачалі закідваць пытаннямі пра тое, ці не рабіў ён злачынствы і ўчынкі, якія беларускі закон лічыць злачыннымі: «Я запнуўся на пытанні, ці ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах, бо маю адміністратыўку па жалюзі з такой фармулёўкай. Патлумачыў следчаму, у чым прычына затрымкі, і ён не настойваў на дакладным адказе.

Яму гэта было не так важна. Я разумеў, што гэта ўводныя пытанні, якія ён задае ўсім, хто трапляе да яго на крэсла. Вядома, калі б на пытанне пра выбуховыя прылады я адказаў, што збіраў іх, следчага бы гэта зацікавіла. Я насамрэч збіраў у дзяцінстве петарды, але, так разумею, дэтэктар хлусні гэта не паказаў».

Далей была галоўная частка: Сергію паказалі партрэты дзяўчыны і хлопца, а таксама прачыталі яму спіс прозвішчаў і спыталі, ці ведае ён згаданых людзей. Ён кажа, што мог чуць краем вуха нейкія з гэтых прозвішчаў, але не цікавіўся, што гэта за людзі, і не ведае іх.

Следчы задаваў мужчыне блокі пытанняў і паміж блокамі спрабаваў яго разгаварыць. Ён патлумачыў, што гэта для таго, каб чалавек падчас працы з дэтэктарам быў максімальна расслаблены і спакойны. Следчы завёў размову пра тэорыю вялікіх лічбаў, бо яна звязана з працай дэтэктара: нават калі ў чалавека атрымліваецца падмануць дэтэктар, пытанні складзеныя так, што яны ўсе круцяцца вакол патрэбнай тэмы, і на нейкае з пытанняў арганізм абавязкова зрэагуе. У адказ Мельянец расказаў следчаму, што вывучаў гэтую тэорыю ў сувязі са здзяйсненнем біблейскіх прароцтваў у жыцці Хрыста — маўляў, споўнілася больш за трыста прадказанняў, дадзеных за сотні гадоў да яго нараджэння.

Допыт цягнуўся доўга: «Ён праводзіў гэта ўсё са мной дзве з паловай гадзіны, здаецца, вынікі яго задаволілі. Сказаў, што не мае больш да мяне пытанняў, але пагутарыць з сілавікамі, якія да мяне прыходзілі, і сышоў. Я сяджу на крэсле, мне вельмі страшна, але разумею, што ўсё гэта больш-менш падыходзіць да канца. Хвілін 10 я сядзеў так, маліўся.

Потым ён прыйшоў і сказаў мне ісці за ім. Забіраю свае рэчы і іду, мы сыходзім уніз, на прахадную. Я баюся, што мяне зараз скруцяць і кудысьці павязуць, але мы спыняемся на прахадной, ён працягвае мне руку і кажа: «Да пабачэння, Сяргей Васільевіч». Запрасіў яго ў царкву, сказаў, што спадзяюся — наступны раз не я да іх, а яны да нас. Нічога дрэннага я не бачыў ад гэтага следчага. Разумею, што гутарыць па душах і выведваць сакрэты — гэта яго праца». 

Дзве з паловай гадзіны такога допыту, кажа Сергій, вельмі вымотваюць, асабліва калі сядзіш на нязручным крэсле. Абстаноўка дадае нерваў: разумееш, што ў любы момант усё можа скончыцца тым, што цябе забяруць адсюль у кайданках. 

Праз некалькі дзён да дома Мельянцоў пад’ехалі на «газелі» два міліцыянты: «Яны не заходзілі да мяне дахаты, а паклікалі мяне да брамкі і пачалі задаваць пытанні: дзе працую, які ў мяне нумар тэлефона. Сказалі, што ім далі ўказанне кантраляваць усіх, хто праходзіў па пратэсных артыкулах. Але гэта быў першы прыезд міліцыі да мяне з 2021 года, калі мне далі артыкул за БЧБ-жалюзі.

Бачыў, што для іх гэта фармальнасць. Яны жадалі сысці пасля таго, як усё запісалі, але мне было цікава з імі яшчэ пагутарыць».

Двойчы ў 2023-м, калі Сергій перасякаў мяжу, яго выклікалі на допыт. Іншай увагі сілавікоў ён не бачыў да сакавіка 2024-га, калі яго затрымалі на судзе над Ігарам Карнеем.

Падчас сутак на Акрэсціна Сергій зноў мог трапіць на допыт на дэтэктары хлусні — адзін следчы сказаў яму рыхтавацца да гэтага. На думку мужчыны, яго хацелі адправіць на дэтэктар, бо ён казаў, што ніхто не кіраваў яго дзеяннямі, не даваў яму заданняў і не плаціў за гэта грошы, то-бок следчы спрабаваў зрабіць з яго шпіёна. Але паколькі дэтэктара так і не здарылася, магчыма, разважае Мельянец, следчы ўсё ж такі паверыў, што ён не шпіён і капаць у той бок няма сэнсу. 

«З тых, хто сядзеў са мной у камеры, як мінімум дваіх хлопцаў рэгулярна цягалі на дэтэктар. Адзін маладзенькі хлопец актываваў чат-бот, здаецца, з «Байполам». Ён казаў, што зрабіў гэта з цікаўнасці і не збіраўся нічога пісаць у чат-бот, яму не верылі. Пратрымалі яго на Акрэсціна 15 сутак і некалькі разоў цягалі на допыт, а пасля перавялі ў СІЗА.

Таксама там быў экс-амапавец, здаецца, яго таксама цягалі на дэтэктар.

Калі яны не да канца ўпэўненыя, што ты кажаш праўду, то з лёгкасцю выкарыстоўваюць дэтэктар хлусні, і адмовіцца ад гэтага немагчыма. Не будзеш — значыць, цябе пераканаюць. Усе даюць паролі ад тэлефона, проста адны робяць гэта добраахвотна, а іншых прымушаюць, тое ж і з дэтэктарам», — кажа Сергій. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Давялося ісці ў КДБ на допыт з дэтэктарам хлусні». Прапаведнік Мельянец выехаў з Беларусі з сямю дзецьмі і расказаў пра пераслед

Затрыманы расказаў, якія цяпер умовы на Акрэсціна

Відавочца расказаў, як адбывалася пахаванне забітага айцішніка Зельцара

Каментары13

  • Зброя.
    08.05.2024
    "На размову Мельянец пайшоў з запаснымі камплектамі бялізны, двума экзэмплярамі Новага Запавету, бутэлькай вады і бутэрбродамі з сырам." Доўга яшчэ гэты народзiк будзе пад расейскай фашысцкай акупацыяй.
  • :/
    08.05.2024
    "Ён згадвае, што на прахадной ніхто не чакаў яго прыходу. Ледзь атрымалася знайсці сілавіка, які запрашаў Сергія на размову."
    атрымліваецца - нібы сам у пастку пайшоў
  • Я
    08.05.2024
    ?, ничаго

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу6

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей Скрыпаль упершыню пракаментаваў замах на сябе па загадзе Пуціна2

Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram

Сібірак 66 дзён дрэйфаваў у Ахоцкім моры на лодцы: схуднеў на 50 кілаграм, страціў брата і пляменніка, але выжыў4

КНДР падарвала дарогі, што вядуць у Паўднёвую Карэю5

Доктар расказаў, каму трэба зараз рабіць прышчэпку ад кавіду

Настаўнік замежных моў з Яраслаўля пераехаў у Беларусь і цяпер працуе ў беларускамоўным часопісе4

Жыхарка Баранавіч паказала сямейную рэліквію, якой больш за 170 гадоў ФОТЫ

У Чавусах паказалі, хто ўваходзіць у народнае апалчэнне ФОТАФАКТ18

Беларускі спявак, які хацеў «замуж за Бузаву», прысвяціў песню Лукашэнку і Пуціну4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу6

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →