Буйное ізраільскае выданне абыграла прозвішча Салаўёва на іўрыце. Атрымаўся жорсткі рускі мат

Вядомая газета Israel Hayom («Ізраіль сёння») адрэагавала на тое, як расійскі прапагандыст звязаў выбухі ў Ліване з выдуманым ізраільскім агентам «Махшырам Кешэрам» і не праверыў, што гэтае імя азначае на іўрыце.

20.09.2024 / 08:50

Расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў. Скрын відэа яго эфіру

Шырока распаўсюджаная ў Ізраілі штодзённая газета Israel Hayom («Ізраіль сёння») пракаментавала нядаўны допіс расійскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва ў Telegram, дзе той назваў неіснуючага ізраільскага агента Махшыра Кешэра адказным за масавыя выбухі сродкаў сувязі баевікоў «Хезбалы».

Словы «Махшыр Кешэр» (на іўрыце מכשיר קשר) — гэта звычайная назва, якая даслоўна азначае «сродак сувязі» ці проста «рацыя». Чалавека з такім імём не існуе ўвогуле, што потым прызнаў і сам расійскі прапагандыст.

Але гэты лінгвістычны казус Салаўёва выданне Israel Hayom не пакінула без адказу і абыграла прозвішча прапагандыста на іўрыце. Рэч у тым, што газета ў слове «Салаўёў» («סולוביוב») дапусціла нязначную апіску і напісала прозвішча вось так «דלביוב», што па наборы гукаў і літар на іўрыце ідэнтычна рускай матнай лаянцы «даў***б».

Невядома дакладна, ці было гэта зроблена наўмысна, але перад апіскай у тэксце газета некалькі разоў пісала прозвішча прапагандыста правільна (і пасля апіскі таксама). Пры гэтым, праз некаторы час выданне адрэдагавала абзац з апіскай, прыбраўшы яе цалкам.

Першапачатковы варыянт пачатку артыкула газеты Israel Hayom пра Уладзіміра Салаўёва, дзе ў адным з абзацаў двойчы напісана прозвішча прапагандыста. Першы раз яно напісана правільна («סולוביוב»), а другі — ужо з апіскай («דלביוב»), што гучыць як руская матная лаянка «даў***б». Скрыншот

Гісторыя з адсутнасцю праверкі словаў у Салаўёва адбываецца не ўпершыню. Так, у маі 2024 года Салаўёў таксама выходзіў на публіку з сенсацыяй: быццам за крушэннем верталёта з прэзідэнтам Ірана стаіць ізраільскі агент «Элі Коптэр». Але насамрэч гэта быў моцна распаўсюджаны на той момант у ізраільскіх сацсетках мем і транскрыпцыя англійскай назвы верталёта — гелікоптэр (helicopter).

Жарт, які выйшаў з-пад кантролю, дайшоў тады да афіцыйнага тэлеграм-канала ХАМАС, які потым прывёў яго як факт, а расійская прапаганда падхапіла.

Уладзімір Салаўёў назваў белгарадцаў, якія скардзяцца на абстрэлы, жывёламі

Расійская «Сота» зноў «выкрыла» Ціханоўскую і Латушку. І зноў села ў лужыну

Разляцеўся фэйк, быццам Тэйлар Свіфт страціла 17 мільёнаў падпісчыкаў, бо не падтрымала Трампа

Nashaniva.com