Рамзан Кадыраў працягнуў серыял пра Tesla Cybertruck з кулямётам ад Ілана Маска

У пачатку жніўня Кадыраў апублікаваў відэа, на якім паказаў, як катаецца на Tesla Cybertruck з кулямётам на даху. Ён высока ацаніў аўтамабіль і дадаў, што цяпер яго адправяць на вайну ва Украіну, падзякаваўшы асабіста Маску за гэты «падарунак». Цяпер жа гэты серыял працягваецца.

19.09.2024 / 19:28

Гэтым разам Рамзан Кадыраў паведаміў, што аўтамабіль нібыта ўжо не працуе:

«Машына выдатна спраўлялася з баявымі задачамі. Дэманстравала манеўранасць і добрую абарону экіпажа. І вось нядаўна Маск дыстанцыйна адключыў кібертрак. Гэта не па-мужчынску. Давялося адбуксіраваць жалезнага каня. Ну як так, Ілон? Хіба так робіцца?» — напісаў Кадыраў.

Ілон Маск раней абвяргаў сцвярджэнні аб тым, што ён нібыта перадаў Кадыраву Tesla Cybertruck.

«Ты сур'ёзна настолькі адсталы, што думаеш, быццам я падарыў Cybertruck расійскаму генералу? Гэта неверагодна», — рэзка адказаў ён у сацсетцы X амерыканскаму журналісту, які яму пра гэта сказаў. Пасля гэтага Маск згенераваў у чат-боце Кадырава за рулём Cybertruck, які катаецца вакол Крамля.

Апошнім часам ходзяць чуткі, што здароўе Рамзана Кадырава вельмі пахіснулася. У маі «Новая газета Еўропа» апублікавала расследаванне пра сурʼёзную хваробу Кадырава. Паводле выдання, «стан здароўя 47-гадовага Рамзана Кадырава не пакідае надзей на яго вылячэнне». У тым ліку і каб развеяць гэтыя чуткі, Кадыраў імкнецца як мага часцей звяртаць на сябе ўвагу, як і ў мінулыя часы, рознымі эксцэнтрычнымі выхадкамі.

Рамзан Кадыраў выгуляў па Грозным матацыкл «Мінск»

Маск адхрысціўся ад таго, што дарыў кібертрак Кадыраву

«Ілан Маск, дон, будзе задаволены». Пакуль кадыраўцы ваююць на Куршчыне, сам Кадыраў ладзіць клаўнаду ў Чачні 

Nashaniva.com