«А колькі зарабляе ваш музей?» Латушка расказаў, як прасіў Лукашэнку не аддаваць будынак на Фрунзэ следчым
У будынку ў стылі класіцызму планавалася размясціць Нацыянальны гістарычны музей, але пасля яго аддалі сілавікам.
16.09.2024 / 16:46
Будынак Следчага камітэта. Фота: Яндэкс-Карты
Будынак на вуліцы Фрунзэ перадалі Следчаму камітэту ў студзені 2012 года. Тады Павел Латушка быў міністрам культуры.
Ён расказаў «Еўрарадыё», як спрабаваў абараніць права гістарычнага музея на гэты будынак.
«Пасля таго як з'явілася пагроза перадачы будынка на адрас Следчага камітэта, мной як міністрам культуры быў ініцыяваны шэраг зваротаў у адміністрацыю Лукашэнкі. У выніку на аб'ект выязджаў тагачасны дзяржсакратар Рады бяспекі Леанід Мальцаў, якому я прадставіў сітуацыю, якая склалася і настойваў на тым, што недапушчальна перадаць гэты аб'ект Следчаму камітэту.
Гэты будынак знаходзіцца ў цэнтры горада, мае адпаведнае знешняе архітэктурнае аблічча і найлепшым чынам пасуе Нацыянальнаму гістарычнаму музею.
Трэба аддаць належнае, што Мальцаў абяцаў хадайнічаць аб магчымым пошуку іншага будынка для Следчага камітэта. Аднак гэтыя спробы не мелі поспеху», — расказаў Латушка.
Неўзабаве ён падняў гэтае пытанне на публічнай сустрэчы Лукашэнкі з таленавітай моладдзю ў Нацыянальнай бібліятэцы.
«Я памятаю рэакцыю Лукашэнкі, які мне на нарадзе публічна сказаў: «А колькі зарабляе ваш Нацыянальны гістарычны музей? Які даход ён прыносіць дзяржаве?»
Гэтыя словы прагучалі вельмі цынічна. Пераводзіць на фінансава-грашовыя адносіны гісторыю краіны, выхаванне моладзі для незалежнай дзяржавы… Я парыраваў: а якія фінансавыя даходы прыносіць дзяржаве Следчы камітэт?
Памятаю, я тады сказаў: калі вы наведваеце еўрапейскія сталіцы, напрыклад, Вену, Вільню, Рым, вы ж бачыце, дзе, у якіх будынках знаходзяцца галоўныя музейныя аб'екты гэтых краін. І ў той жа момант злавіў сябе на думцы, што Лукашэнка на той момант ужо не наведваў гэтых сталіц. Пасля ў яго былі толькі паездкі ў Вільню, у Вену — але не больш за тое», — успомніў Латушка.
Паводле яго слоў, усе наступныя спробы пакінуць будынак за музеем не мелі эфекту.
Гістарычны музей застаўся ў старым будынку на Карла Маркса. Нядаўна было анансавана будаўніцтва новага комплексу Нацыянальнага гістарычнага музея побач з Палацам Незалежнасці на месцы былога парку Dreamland.
Для сабачак і коцікаў. Ці засяліліся ў новую рэзідэнцыю Лукашэнкі дабрачынныя фонды?