Ці можна дзецям у школе замест падручнікаў карыстацца планшэтам?

Бацька вучня мінскай школы пацікавіўся, ці можна дзецям насіць з сабой у школу планшэт замест падручнікаў, пішуць «Мінск-Навіны». У гімназіі, дзе вучыцца ягонае дзіця, гэта нібыта забаранілі.

16.09.2024 / 16:10

Фота ілюстрацыйнае

«Але ж многія бацькі і куплялі планшэты спецыяльна для таго, каб разгрузіць дзяцей ад цяжкіх дапаможнікаў у партфелі», — адзначыў мужчына.

У Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама адказалі, што прамой забароны на выкарыстанне планшэтаў замест падручнікаў няма. Маўляў, пры разумнай арганізацыі адукацыйнага працэсу і пры ўліку захавання санітарных нормаў і правілаў выкарыстанне планшэтаў дазволена.

«Але важна, каб кожнае дзіця і бацькі разумелі, што электронная прылада на ўроку можа быць выкарыстаная толькі ў якасці кнігі», — удакладнілі ў ведамстве.

Таксама сказана, што планшэты рэкамендуецца выкарыстоўваць не на кожным уроку, каб не нанесці шкоды зроку, і тым больш не падчас перапынку.

«У асобных выпадках, звязаных, напрыклад, са станам здароўя дзіцяці, планшэт можа стаць прымальнай заменай некалькіх падручнікаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Чыноўнікі таксама ўдакладнілі, што выкарыстоўваць планшэт на пастаяннай аснове ў якасці сродку візуалізацыі не варта.

Мінскую школьніцу збілі проста на жоўта-белым пераходзе

У школах правядуць адзіны ўрок да Дня народнага адзінства

Дзяўчынка да 12 гадоў не хадзіла ў школу. Яе маці пазбавілі бацькоўскіх правоў

Nashaniva.com