Пуцін ездзіў у Манголію да шаманаў пытацца дазволу на ядзерную зброю — Der Spiegel

Паводле чуткі, якую пераказвае былы журналіст «Коммерсанта», экс-галоўны рэдактар «Дождя» і пісьменнік Міхаіл Зыгар, сапраўднай мэтай паездкі Уладзіміра Пуціна ў Манголію ў пачатку верасня была сустрэча з шаманамі. Па словах Зыгара, гэтую версію абмяркоўваюць крыніцы, блізкія да Крамля. Сваёй інфармацыяй Зыгар дзеліцца ў калонцы, апублікаванай у аўтарытэтным нямецкім часопісе Der Spiegel, паведамляе «Агентство». 

15.09.2024 / 15:19

Зыгар пераказвае крамлёўскія чуткі, што Пуціну спатрэбілася дабраславенне шаманаў на прымяненне ядзернай зброі. І нібыта Пуцін вярнуўся з Манголіі задаволены, піша экс-галоўрэд «Дождя».

Зыгар звяртае ўвагу на тое, што Манголія і Тува, дзе Пуцін пабываў да паездкі ва Улан-Батар, лічацца радзімай самых магутных шаманаў свету. Пісьменнік нагадвае, што Пуцін даўно вядомы сваім асаблівым стаўленнем да містыкі, у тым ліку праваслаўнай.

Перад пачаткам вайны з Украінай Пуцін таксама кансультаваўся з рознымі містыкамі, піша Зыгар са спасылкай на крыніцу, блізкую да Крамля. Са слоў суразмоўцы, усе яны прадказвалі перамогу Расіі.

У пацверджанне чутак аб магчымым захапленні Пуціна шаманізмам Зыгар згадвае расследаванне «Праекта», у якім гаворыцца, як падчас паездак на Алтай Пуцін прымаў крывавыя ванны з экстрактам зрэзаных рагоў алтайскіх маралаў. 

Акрамя таго, у калонцы Зыгара згадваецца інтэрв'ю прафесара Валерыя Салаўя Эльвіры Віхаравай, у якім Салавей заявіў, што перад пачаткам уварвання ва Украіну ў рэзідэнцыі Пуціна ў Сочы правялі паганскі абрад, падчас якога шаманы прынеслі ў ахвяру арла і прадказалі Пуціну перамогу ў вайне.

У лютым The Wall Street Journal пісала, што тэорыі Салаўя могуць выкарыстоўвацца Крамлём для таго, каб запоўніць інфармацыйны вакуум вакол Пуціна сумнеўнай інфармацыяй, ствараць ілжывае адчуванне, што ён хутка памрэ, і дыскрэдытаваць незалежныя СМІ.

Nashaniva.com