Айцішнік з EPAM, які жыве ў ЗША, наведаў Беларусь. Цяпер яму пагражае да сямі гадоў калоніі
Артур Мемех пераехаў у ЗША вясной 2020 года. Падобна, што яго затрымалі, калі ён вырашыў наведаць сваякоў у Беларусі. Неўзабаве пачнецца суд.
12.09.2024 / 12:29
Артур Мемех каля Галівуда. Фота з яго старонкі Укантакце
Артуру Мемеху 33 гады. Ён мінчук. У 2013 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, але ўжо з 3-га курса пайшоў працаваць у EPAM.
У EPAM Артур дарос да пасады senior software engineer — гэта нешта кшталту вядучага інжынера ў беларускай тэрміналогіі. А ў сакавіку 2020 года, перад самым пачаткам эпідэміі кавіду, ён рэлакаваўся ў ЗША на тую ж пасаду ў офіс EPAM у горадзе Уіхокен, які знаходзіцца ў штаце Нью-Джэрсі, але вельмі блізка ад Нью-Ёрка.
Артур любіць падарожнічаць і аб'ездзіў шмат гарадоў ЗША.
Артур Мемех у горадзе Лонг-Біч паблізу Лос-Анджэлеса. Фота з яго старонкі Укантакце
Апошні раз ён быў анлайн у сацсетках напрыканцы мінулай восені. Падобна, што Мемех вырашыў наведаць Беларусь у канцы 2023 года ці пачатку 2024 года і быў затрыманы.
Артура пачынаюць судзіць 23 верасня 2024 года. Абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Судзіць яго будзе Аляксандр Рудэнка.
«Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — гэта цяпер, часцей за ўсё, данаты на дапамогу палітзняволеным ці на патрэбы ўкраінскай арміі. Або перасыланне інфармацыі незалежным СМІ.
67-гадовая беларуска вярнулася са Швецыі. Цяпер ёй пагражае да дзесяці гадоў турмы
Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь