Украіну штурхаюць да плана Б — The Wall Street Journal
ЗША і краіны Еўропы падбіваюць Кіеў да распрацоўкі рэалістычнага плана выхаду з вайны або прынамсі яе замарожвання.
11.09.2024 / 13:46
Уладзімір Зяленскі. Фота: AP Photo / Luca Bruno
Сёння ў Кіеве адкрываецца чарговая канферэнцыя «Крымская платформа» з удзелам найвышэйшых асоб краін Захаду, сярод якіх дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і міністр замежных спраў Вялікабрытані Дэвід Лэмі. Напярэдадні гэтай падзеі The Wall Street Journal апублікавала артыкул з аналізам сітуацыі. Знаёмім з асноўнымі палажэннямі.
Аўтары артыкула адзначаюць, што за апошнія два тыдні ў Кіеве знаходзіліся высокапастаўленыя амерыканскія і еўрапейскія чыноўнікі.
Сустрэчы паказалі, што ЗША і еўрапейскія саюзнікі па-ранейшаму падтрымліваюць заяўленую прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім доўгатэрміновую мэту выцесніць Расію з усёй тэрыторыі Украіны, але некаторыя еўрапейскія дыпламаты кажуць, што краіне трэба быць больш рэалістычнай у вызначэнні сваіх ваенных мэт і стратэгіі.
Гэта можа дапамагчы заходнім чыноўнікам упэўніць сваіх выбаршчыкаў у неабходнасці паставак зброі і дапамогі Украіне.
Па словах высокапастаўленых еўрапейскіх чыноўнікаў, Кіеву было сказана, што для поўнай перамогі Украіне патрэбная падтрымка на сотні мільярдаў долараў, чаго ні Вашынгтон, ні Еўропа рэальна пацягнуць не могуць.
У аўторак Блінкен заявіў, што ягоная паездка сярод іншага накіраваная на тое, каб зразумець, «як менавіта ўкраінцы бачаць свае патрэбы ў гэты момант, да якіх мэт яны імкнуцца і што мы можам зрабіць для таго, каб падтрымаць іх у дасягненні гэтых мэт».
Энтані Блінкен. Фота: Alex Brandon / AP
Дзяржсакратар ЗША сказаў, што ён і міністр замежных спраў Вялікабрытаніі паведамяць пра вынікі паездкі прэзідэнту Байдэну і прэм'ер-міністру Вялікабрытаніі Кіру Стармеру, якія потым абмяркуюць гэтае пытанне на сустрэчы, што адбудзецца ў пятніцу.
Гэта можа стаць прэлюдыяй да падпісання ЗША і Вялікабрытаніяй пагаднення аб выкарыстанні Украінай ракет далёкага радыусу дзеяння для паражэння цэляў на тэрыторыі Расіі. Але афіцыйныя асобы папярэджваюць, што канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае.
Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі заявіў, што паездка ў Кіеў не звязаная з прымусам Украіны да перамоў: «Зразумела, найбольш імаверным вынікам бягучай сітуацыі з'яўляецца дасягненне дамоўленасці праз перамовы. Аднак калі менавіта гэта адбудзецца і пры якіх умовах, будзе залежаць ад рашэнняў прэзідэнта Зяленскага».
Выданне заўважае, што нягледзячы на тое, што і Расія і Кіеў заявілі, што адкрытыя для спынення агню ці мірных перамоў, насамрэч абодва бакі далёкія ад таго, каб гэта зрабіць.
«Крымская платформа» папярэднічае паездцы Зяленскага ў ЗША для ўдзелу ў Генеральнай Асамблеі ААН. Прэзідэнт Украіны паабяцаў, што падчас візіту пазнаёміць са сваім планам перамогі. Ён заявіў, што хоча сустрэцца з прэзідэнтам Джо Байдэнам і кандыдатамі ў прэзідэнты Дональдам Трампам і Камалай Харыс, каб заручыцца іх падтрымкай. Але пакуль невядома, ці адбудуцца гэтыя сустрэчы.
Заходнія дыпламаты працягваюць сцвярджаць, што прэзідэнцкія выбары ў ЗША застаюцца крытычна важнымі з пункту гледжання таго, на якую дапамогу амерыканцаў Украіна можа разлічваць у кароткатэрміновай перспектыве. Тым не менш мала хто верыць, што заходняя падтрымка на сёлетнім узроўні можа заставацца на працягу многіх гадоў.
Новы мірны план Зяленскага, піша WSJ, сведчыць пра тое, што ён мяняе сваю публічную пазіцыю. Раней прэзідэнт Украіны настойваў на вяртанні ўсіх тэрыторый Украіны да пачатку любых мірных перамоў. Аднак летам Украіна разглядала магчымасць перамоў з Расіяй аб скарачэнні атак на энергетычную інфраструктуру адна адной. Пра гэта паведамлялі як украінскія, так і расійскія ды заходнія афіцыйныя асобы.
Аднак спыненне баявых дзеянняў ва ўмовах акупацыі Расіяй украінскай тэрыторыі можа стаць для Зяленскага палітычным самазабойствам. Нягледзячы на тое, што апошнія апытанні паказалі паступовы рост колькасці ўкраінцаў, гатовых да перамоў, больш за палову насельніцтва выказваецца за працяг баявых дзеянняў да той пары, пакуль Украіна не верне сваіх земляў.
Выданне цытуе віцэ-прэзідэнта па даследаваннях Фонду Карнегі Эндру Вайса (Andrew Weiss), які заявіў, што «партнёры Кіева, напэўна, занепакоеныя здольнасцю Украіны супрацьстаяць поўнамаштабнаму расійскаму наступу», аднак здольнасць заходніх дзяржаў падштурхнуць Украіну да саступак, супраць якіх яна выступае, абмежаваная.
«Курская аперацыя — гэта яшчэ адзін напамін пра тое, што ўкраінцы захоўваюць вялікую дзёрзкасць і жаданне здзівіць нават сваіх заходніх партнёраў», — сказаў ён.
ЗША гатовыя дазволіць Украіне ўдары дальнабойнымі ракетамі па Расіі
Расія можа ў найбліжэйшыя тыдні прымяніць супраць Украіны іранскія балістычныя ракеты
Шайгу: Пра перамовы з Украінай не можа ісці гаворкі, пакуль не выкінем іх з нашай тэрыторыі