ЗША гатовыя дазволіць Украіне ўдары дальнабойнымі ракетамі па Расіі

Намаганні Украіны, каб дабіцца зняцця абмежаванняў на выкарыстанне заходняй зброі, магчыма, блізкія да поспеху. Пра тое, што ЗША гатовыя дазволіць Украіне наносіць удары па Расіі ракетамі ATACMS, паведаміў кіраўнік камітэта Кангрэса па міжнародных справах Майкл Маккол, піша Axios.

10.09.2024 / 20:30

Энтані Блінкен. Фота: AP

Пра рашэнне Вашынгтона нібыта мае паведаміць украінскаму кіраўніцтву кіраўнік Дзярждэпартамента Энтані Блінкен, які 11 верасня збіраецца з візітам у Кіеў.

10 верасня, Блінкен наведаў Лондан, дзе сустрэўся з кіраўніком МЗС Брытаніі Дэвідам Лэмі. На сумеснай прэс-канферэнцыі кіраўнік амерыканскага Дзярждэпартамента паведаміў, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн мае намер абмеркаваць прымяненне дальнабойнай зброі па Расіі з брытанскім прэм'ерам Кірам Стармерам.

«Мы працуем над тым, каб Украіна магла абараніць сваю тэрыторыю ад агрэсіі (Расіі)», — сказаў Блінкен.

Ён дадаў, што наступленне зімы можа стаць «крытычным момантам» для Украіны, паколькі Расія атрымала ад Ірана балістычныя ракеты і ўзмацняе ўдары па інфраструктуры, у тым ліку энергетычнай.

Калі абмежаванні на выкарыстанне ATACMS будуць знятыя, у зону паражэння трапяць Растоўская, Варонежская, Белгародская, Курская, Бранская, Арлоўская, Ліпецкая, Тамбоўская і Калужская вобласці, вынікае са звестак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Пад удары УСУ, паводле падлікаў ISW, могуць трапіць 245 вайсковых аб'ектаў Расеі, уключаючы 16 аэрадромаў.

Дазвол Украіне запускаць брытанскія ракеты Storm Shadow па Расіі блакуюць ЗША

Момант, калі збілі ATACMS над пляжам Севастопаля, трапіў на ВІДЭА

Борыс Джонсан расказаў, у чым змест мірнага плана Дональда Трампа па Украіне

Nashaniva.com