Нігерыйскі футбаліст, які гуляе за «Івацэвічы», набыў французскую кавярню ў Брэсце

Футбаліст з Нігерыі Антоніа Ачы-Кану, які выступае за беларускі футбольны клуб «Івацэвічы», набыў у Брэсце французскую кавярню. Пра гэта ў сацыяльных сетках расказала ягоная жонка.

12.09.2024 / 08:30

Антоніа Ачы-Кану разам з жонкай Дар'яй. Фота з яе інстаграма

Невялікая кавярня ў стылі Марыі Антуанэты знаходзіцца ў самым цэнтры Брэста — на вуліцы Карла Маркса. Называецца яна «Mary and Me». Дарэчы, кафэ адкрылася толькі гэтай вясной, але мінулы ўладальнік чамусьці вырашыў амаль адразу прадаць гатовы бізнэс.

View this post on Instagram

A post shared by Oksana⚜️контент-мейкер | свадьбы | food (@oksanka_video_)

Легіянеру Антоніа Ачы-Кану 26 гадоў. Як раней пісала «Трыбуна», у Беларусі ён выступае з 2018 года: сюды ён прыехаў, паступіўшы ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. У інтэрв’ю «Прэсболу» футбаліст казаў, што на такі арыгінальны выбар краіны яго натхніў старэйшы сябар, які першым паехаў вучыцца ў той самы аграрны на эканаміста.

Антоніа з горада Энугу, размешчанага на паўднёвым усходзе Нігерыі. Ягоны бацька быў суддзёй Вярхоўнага суда, маці таксама працавала ў судзе. Антоніа прызнаўся, што бацькі марылі бачыць сына юрыстам, але той абраў футбол, якім займаўся з 8 гадоў.

Ачы-Кану казаў, што ў 2015 годзе быў у нацыянальнай камандзе 17-гадовых і змагаўся за пазіцыю ў зборнай з адным з найлепшых на сёння нападаючых свету Віктарам Асімхенам.

У Беларусі Ачы-Кану спачатку выступаў за мясцовую каманду ЖКГ, з 42 галамі стаўшы найлепшым бамбардзірам сезона-2018 у першынстве Гродзенскай вобласці. Да «Івацэвічаў» ён гуляў у складзе футбольнага клуба «Маларыта».

У 2020 годзе Антоніа ажаніўся з беларускай дзяўчынай Дар’яй. Цяпер у сям’і ёсць дзве агульныя дачкі. У інтэрв’ю футбаліст расказваў, што ён размаўляе з дзецьмі на англійскай, а жонка — на рускай. Антоніа адзначаў, што крыху разумее беларускую — на ўзроўні «бульба» і «калі ласка».

Раней футбаліст скардзіўся на тое, што сутыкаўся ў Беларусі з расізмам. Яго жонка таксама распавядала, што, на жаль, бачыць расізм з боку беларусаў у дачыненні да іх з Антоніа дачок.

У беларускіх кавярнях з’явіўся бульбяны раф. У складзе ёсць пюрэ ды чыпсы

Легендарны клуб «Рэактар» зноў адкрыецца гэтым летам

«Шаурма — глупства, смажанка з Кіраўска — топ». Дзеля гэтага фастфуду беларусы праязджаюць сотні кіламетраў

У Мінску адкрываецца першая кавярня для фанатаў K-pop

Nashaniva.com