Каля мінскага вакзала знайшлі «Вела Хаціка». Пра што гаворка?
У тыктоку расказалі гісторыю пра тое, як беларус з’ехаў за мяжу, а на вакзале яго дагэтуль штодзень чакаюць — праўда, гэта расповед не пра сабаку.
08.09.2024 / 15:55
Выезд з мінскага вакзала. Фота: сацсеткі
Блогер doctorhikow зняў відэа каля мінскага чыгуначнага вакзала. Там на маленькай велапаркоўцы ля ўвахода ў падземны пераход стаіць веласіпед. Паводле роліка, гаспадар веласіпеда ўжо даўно з’ехаў з Беларусі. Ён прыехаў на веласіпедзе з абласнога цэнтра, пакінуў яго на паркінгу і сеў у цягнік, які рухаўся ў іншую краіну.
Адбылося гэта, як кажа блогер, больш за два гады таму, але ж веласіпед па-ранейшаму чакае свайго гаспадара ля вакзала. Праз такую доўгую паркоўку веласіпед пачаў трухлець — некаторыя яго дэталі, у тым ліку ланцуг, пакрыліся іржой. Блогер звяртае ўвагу на тое, што за ўвесь гэты час ніхто не скраў веласіпед, і звязвае гэта з менталітэтам беларусаў.
Цягам двух дзён ролік з мінскага вакзала набраў больш за 215 тысяч праглядаў. Адзін з каментатараў прадказальна параўнаў веласіпед з сабакам з вядомага фільма, які таксама чакаў свайго гаспадара — назваў яго «Вела Хаціка».
Шмат карыстальнікаў падтрымліваюць думку блогера пра тое, што веласіпед не чапаюць з-за асаблівага менталітэту беларусаў, але многія з гэтым не згодныя:
«Не ідэалізуйце нас, калі ласка. Беларусы таксама людзі. Усяго хапае – і добрага, і дрэннага».
«Не, калі б [веласіпед] быў не прывязаны, яго б з верагоднасцю 99,9% забраў бы хто-небудзь сабе, прычым у першыя некалькі сутак (я з Беларусі)».
«Канечне, вакзал, багата камер. Прывозьце на Серабранку, засячэм, колькі прастаіць».
«У нас і тэлефон не паднімуць, каб гаспадару аддаць, сазваніцца і яго знайсці. Праблем будзе шмат, могуць абвінаваціць у крадзяжы. Няхай ляжыць і няхай стаіць».
Нічога святога. Паглядзелі сіквэл «Бітлджуса» і расказваем, чаго чакаць