Пара з Ліды, каб ашчадзіць на адпачынку ў адной з самых багатых краін свету, прывезла з сабой «ролтаны» і кашы
Таццяна і Віталь адпачывалі ў Катары.
07.09.2024 / 11:48
«Мы, простыя беларусы, спрабавалі там выжыць. Галоўнае, што нам дапамагала, — гэта сняданкі па сістэме шведскі стол у гатэлі», — расказалі яны для Onliner.by.
«Можна было есці ўсё ў неабмежаваных колькасцях: рыс, сасіскі, печыва, арэхі, сыр, мёд, салаты з кавуна й дыні і гэтак далей. На абед і вячэру мы залівалі супы, якія не патрабуюць гатавання, ад завода «Лідкан», кашы і «ролтаны». Калі жонка даведалася, што ў нумары ёсць чайнік, яна вельмі ўзрадавалася, бо колькі страў можна зрабіць на кіпені! Але і без чайніка мы б не прапалі, бо ў нас з сабой быў кіпяцільнік.
«У дзень сыходзіла каля шасці пачкаў з нашых запасаў (кашы, макароны, супы). Усе прывезлі з Беларусі. Вялізныя заплечнікі, паверце, мы не цягнулі. На дваіх наш багаж разам з ежай важыў усяго 7 кілаграмаў — лічу, што гэта вельмі сціпла.
У кафэ мы не хадзілі наогул. Ежа для нас не самае галоўнае ў жыцці, і мы можам харчавацца самымі простымі стравамі. У краму хадзілі ў асноўным па ваду. За дзевяць дзён выпілі літраў 20. Куплялі таксама курыцу-грыль і садавіну. Пакаштавалі, напрыклад, драконаў фрукт (абышоўся нам у 4 рублі).
Адна з істотных трат — гэта пярсцёнак жонцы, які мы купілі на памяць. Гэта ўжо традыцыя: з кожнай краіны мы стараемся прывозіць упрыгожванне жонцы ці хоць бы значок мне», — расказаў Віталь.
Колькі патрацілі
- Самі пуцёўкі са страхоўкай — 4200 рублёў.
- Дарога з Ліды ў Мінск і назад — 80 рублёў.
- Ежа, якую ўзялі з сабой, — 70 рублёў.
- Ежа на месцы — 100 рублёў.
- Сувеніры — 50 рублёў.
- Залаты пярсцёнак жонцы — 500 рублёў.
- Экскурсія — 220 рублёў.
Разам — 5220 рублёў.
Расіяне раскупілі ўсе месцы ў беларускіх санаторыях на Новы год