На дзяржТБ расказалі, у чым вінавацяць затрыманага японца, які выкладаў ва ўніверсітэце ў Гомелі

Масатосі Ніканісі пражыў у Беларусі 6 гадоў. Яго затрымалі летам 2024-га — цяпер ён у СІЗА КДБ. На БТ выпусцілі сюжэт, дзе расказалі, у чым вінавацяць японца. 

05.09.2024 / 23:14

Масатосі Ніканісі. Скрын відэа БТ

Як расказваюць у сюжэце БТ, у 2008-м Масатосі пачаў падарожнічаць па краінах Усходняй Еўропы, якія ўваходзяць у кітайскую ініцыятыву «Адзін пояс — адзін шлях». Рабіў ён гэта, сцвярджаецца, з мэтай разведкі.

У 2016-м ён ва ўкраінскім Купянску прыняў праваслаўе. У Гомель пераехаў у 2018-м.

Ён ажаніўся з беларускай, пасля развёўся, выкладаў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны (сам Масатосі юрыст па адукацыі). Адкрыў у Беларусі фірму «БелНіханІнтэрнэшнл». Але ўсё гэта, па версіі ўладаў, для прыкрыцця. Бо фірма за час дзейнасці не заключыла ніякіх здзелак і не мела прыбытку, а жыў Масатосі на грошы, якія штомесяц здымаў з японскага рахунку — 1500—2000 рублёў.

Ніканісі, сцвярджаецца ў сюжэце, меў куратара і пастаянна яму даваў справаздачу, неаднаразова позна ўвечары сустракаўся з супрацоўнікам пасольства. Асабліва пасля пачатку вайны ў 2022-м — яго куратара цікавіла, ці працуюць санкцыі, ці затрымліваюць на вуліцах за фоты стратэгічных аб’ектаў, што з цэнамі, расійскімі вайскоўцамі і ўзбраеннем.

З Гомеля ён часта ездзіў у населеныя пункты каля ўкраінскай мяжы і фатаграфаваў там. Здымаў транспарт, дарогі, масты, чыгунку, вакзалы, аэрапорт. Зрабіў больш за 9 тысяч фота з беларуска-ўкраінскага памежжа, сцвярджае прапаганда. У сюжэце паказалі кадры з японцам, знятыя схаванай камерай.

Кадры схаванай камерай. Скрын відэа БТ

Справаздачы з Гомеля ў Токіа Масатосі адпраўляў пад псеўданімам «Маса».

Таксама, сцвярджаюць на БТ, ён ездзіў у Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, звязваўся з беларускімі прадпрыемствамі, каб разведаць эканамічную інфармацыю.

Затрымалі японца ў ліпені 2024 перад вылетам з Беларусі. Цяпер ён у СІЗА КДБ. Абвінавачанне выставілі па артыкуле 358-1 КК — агентурная дзейнасць.

«Знаходзячыся на тэрыторыі нашай краіны, ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару. У прыватнасці, аб беларускай ваеннай інфраструктуры, аб перамяшчэнні войскаў і вайсковай тэхнікі, аб бягучай сітуацыі на паўднёвым напрамку і іншае. Акрамя таго, замежніку разведорганам адпрацоўваліся заданні па вярбовачным вывучэнні беларускіх грамадзян, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў», — агучыў абвінавачанне начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.

У Беларусі паведамілі пра затрыманне агента японскіх спецслужбаў

Nashaniva.com