Яшчэ адзін беларускі праваслаўны святар прыняты ў клір Усяленскага патрыярхату

Архіепіскап Амерыкі Эльпідафор паведаміў пра рашэнне прыняць беларускага святара Пятра Пракапцова, які ў 2022 годзе мусіў пакінуць радзіму з-за палітычнага пераследу, у клір Грэчаскай праваслаўнай архіепіскапіі Амерыкі, піша «Хрысціянская візія».

05.09.2024 / 21:52

Протаіерэй Пятро Пракапцоў падчас службы ў Прыбытках

Протаіерэй Пятро Пракапцоў — былы настаяцель прыходу храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Прыбыткі Гомельскага раёна. Гэтая мясцовасць знаходзіцца ўсяго за 5 км ад аэрадрома ў Зябраўцы, які выкарыстоўваўся расійскімі войскамі для авіяўдараў па Украіне.

Да святара шмат разоў звярталіся расійскія вайскоўцы, дыслакаваныя ў раёне названага аэрадрома, з просьбай асвячаць баявую тэхніку. Але Пракапцоў катэгарычна адмаўляўся, а каб пазбегнуць ціску, часова выехаў у паломніцтва ў Свята-Духаў манастыр у Вільню. Гомельскі архіепіскап Стэфан (Нешчарэт) падчас гэтай паездкі пагражаў святару пазбаўленнем сану і тым самым вымусіў вярнуцца ў Гомель.

Адразу пасля вяртання Пятро Пракапцоў быў выкліканы на размову да архірэя. Пасля гэтай гутаркі яму патэлефанавалі з Гомельскага ўпраўлення КДБ, дзе правялі апытанне аб прычынах паездкі ў Літву, як рабіў візу, ці супрацоўнічае з «Хрысціянскай візіяй». Пасля таго святара прымусілі падпісаць дакумент, што ён папярэджаны аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў, спансаванні тэрарыстычнай дзейнасці, перадачы звестак, якія ганяць палітычны лад і Лукашэнку, замежным СМІ, заклікаў да забастовак.

Баючыся далейшага ціску, Пракапцоў пасля таго быў вымушаны выехаць за мяжу. Архіепіскапам Стэфанам ён быў забаронены ў служэнні, але цяпер можа служыць ужо незалежна ад РПЦ.

Перад гэтым, у красавіку 2023 года, у юрысдыкцыю Усяленскага патрыярхату перайшлі беларускія святары Аляксандр Кухта і Георгій Рой, якія таксама пакінулі радзіму з прычын палітычнага пераследу і цяпер арганізуюць жыццё беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні.

У Вільні абстралялі вокны беларускай царквы

Беларускі праваслаўны прыход у Вільні пачаў рамонт, патрэбна дапамога

У Літве зацвердзілі незалежную ад Масквы праваслаўную царкву. Сярод святароў — двое беларусаў

Упершыню прайшло беларускае набажэнства ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата

Святар Георгій Рой — пра даносы на яго, малітвы за Расію, якія дасылалі зверху, надзеі на Сусветны патрыярхат і страх прывыкнуць да несвабоды 

Вясковага праваслаўнага святара адхілілі ад служэння пасля паездкі ў Польшчу

Nashaniva.com